Без мінулага няма будучыні…

Краязнаўчая работа, патрыятычнае выхаванне моладзі — галоўныя накірункі работы Чашніцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі.
З мэтай стварэння цэласнай сістэмы патрыятычнага выхавання моладзі, знаёмства з гісторыяй, нацыянальнай культурай, ідэалогіяй нашай краіны, выхавання любові да Радзімы, павагі да гераічнага мінулага ва ўстанове распрацавана праграма «Давай ганарыцца, што мы беларусы».
Бібліятэкары не толькі збіраюць матэрыял краязнаўчага характару, але і вядуць актыўную прапаганду ведаў сярод падлеткаў.
Штогод арганізуюць гістарычныя экскурсы, літаратурныя вандроўкі, вечары-сустрэчы, урокі радзімазнаўства, гадзіны народнай спадчыны, экаінфарміны і іншыя.
Рэгулярна ў бібліятэцы праходзяць выставы-экспазіцыі, творчыя сустрэчы з майстрамі народных рамёстваў і проста таленавітымі людзьмі, апантанымі сваёй працай. Да гэтых сустрэч заўсёды афармляюцца тэматычныя выставы з іх вырабамі. Самі ўмельцы расказваюць пра сябе, даюць практычныя парады.
Так, зараз у чытальнай зале бібліятэкі аформлена выстава «Звалка старажытнасці». Экспанаты, змешчаныя на ёй, адлюстроўваюць побыт продкаў. Тут прадстаўлены не толькі літаратурныя выданні, а і гаспадарчыя прадметы, якімі карысталіся нашы бабулі і дзядулі.
Той, хто ўжо наведаўся на выставу, дзяліўся, што па-новаму адкрыў для сябе мінулае, атрымаў шмат прыемных уражанняў.
Дарэчы, выстава будзе працаваць яшчэ ўвесь студзень. Прыходзьце, вам будуць рады.

Тамара ЯЗЁНАК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *