Мерапрыемства «Мова родная — вечнасці след» прайшло ў Замацкай бібліятэцы

Мерапрыемства «Мова родная — вечнасці след» прайшло ў Замацкай бібліятэцы. Прымеркавана яно было да свята роднай мовы, якое адзначаецца ўжо на працягу 18 гадоў. Галоўная мэта — захаванне культурных традыцый.

Вось і на мінулым тыдні ў Замацкай бібліятэцы гучала беларуская мова. Зала ператварылася ў беларускую хатку с падворкам.

Гучыць беларуская песня. Вядучыя запрасілі прысутных адправіцца ў падарожжа і размаўляць на роднай мове.

А гэта песні і казкі, прыказкі і прымаўкі, легенды і паданні, жарты і загадкі роднага краю.

Падчас мерапрыемства праведзены конкурс на лепшыя прыказку, прымаўку. Не абышлося без загадак, якія адлюстроўваюць дзейнасць чалавека, яго жыццёвы вопыт, працу, побыт.

Ну і якое ж мерапрыемства без прыпевак і танцаў! Пазітыўны настрой стваралі самадзейныя артысты ансамбля «Верасень».

Завяршылася мерапрыемства спектаклем батлеечнага тэатра гарадскога Дома культуры райцэнтра. У свой час батлейка была вельмі запатрабаваная.  У бытавых сюжэтах людзі пазнавалі сябе, родных і суседзяў, паноў, дактароў-шарлатанаў, гультаёў, п’яніц або хітрых гандляроў. Замацкая публіка добра ўспрыняла спектакль.

Апошнія словы галоўнай гераіні мерапрыемства Лявоніхі мелі асаблівы падтэкст. Значэнне роднай мовы, роднага слова для чалавека падкрэсліваецца ў творах беларускіх пісьменнікаў. Бо родная мова — гэта не толькі сродак зносін, жывая повязь пакаленняў, але і сродак выяўлення душы чалавека, знак яго прысутнасці на зямлі. Родная мова — гэта адвечны голас Радзімы. Любіце і шануйце родную мову!

У гэтым годзе такія словы асабліва гучаць і маюць асаблівае значэнне. Наша краіна адзначае 500-годдзе беларускага кнігадрукавання.

Наталля СТУКАЛАВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *