Крыніца натхнення


Да святкавання Дня аграгарадка Лукомль, які праводзіўся 25 жніўня, быў прымеркаваны пленэр-конкурс «Крыніца». У ім прынялі ўдзел мастакі нашага раёна – члены клуба народных майстроў і мастакоў «Майстар».
Мерапрыемства ладзіцца другі год запар. Першае адбылося ў верасні 2017 года ў вёсцы Чарэя. Асноўная задача пленэра –стварэнне неабходных умоў для рэалізацыі творчых магчымасцей і абмену вопытам мастакоў. А таксама жывапісцы павышаюць свой узровень майстэрства, праводзяць з карысцю час у цікавых гутарках.


Мастакі пачалі працаваць у Лукомлі з раніцы. Яны самастойна выбіралі месцы для работы. Надвор’е спрыяла. Творчыя натуры малявалі пад адкрытым небам амаль пяць гадзін. На паперу і палатно пераносілі імгненны стан прыроды, свае ўражанні, эмоцыі. Праца над пейзажам з натуры адточвала іх майстэрства, развівала здольнасць сузіраць хараство прыроды. Кожны аўтар увасобіў у сваіх карцінах асабістыя пачуцці, любоў да роднага краю.


Удзельнічалі ў конкурсе 5 мастакоў. Вынікі былі падведзены ў той жа дзень. Лепшымі прызнаныя карціны Дзяніса Сасуліна і Уладзіміра Цухло. Дарэчы, Дзяніс і ў мінулым годзе атрымаў гран-пры. Мастакі прадставілі на суд журы пейзажы, выкананыя ў лепшых традыцыях акадэмічнага маслянога жывапісу.


Даволі цікавымі былі работы ў стылі класічнай графікі Сцяпана Хадатовіча і Міхаіла Галькевіча.
Вынікі плённай працы пейзажыстаў можна было ўбачыць на выставе ў Лукомльскім СДК. Таксама мастакі зага-дзя дамовіліся аб тым, дзе будзе праходзіць «Крыніца» ў наступным годзе. Вырашылі, што зноў сустрэнуцца на беразе Чарэйскага возера падчас правядзення фестывалю «SPRAVA».

Варвара ЮРКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *