Каб сувязь не парывалася…

Не так ужо і часта ў звыклым, спакойным і размераным жыцці маленькай вёсачкі здараюцца падзеі, здольныя па-сапраўднаму ўскалыхнуць, што кранаюць да глыбіні душы, пакідаюць незабыўны след…
Тое, што вёска Замошша Красналуцкага сельсавета з самага ранку 6 студзеня жыла незвычайнай падзеяй, сведчыла многае: ланцужок аўтамабіляў уздоўж дарогі, прыўзняты настрой жыхароў і шматлікіх гасцей, дзяўчаты ў нацыянальным беларускім адзенні, паўсюль чулася беларуская гаворка.
Напярэдадні Ражства тут ладзілася прэзентацыя кнігі «Замошша. Гісторыя вёскі і ваколіц».

У хаце Антаніны Стэльмах падчас прэзентацыі кнігі.

Хата Антаніны Стэльмах у той дзень не магла ўмясціць усіх жадаючых. Тутэйшыя жыхары, іх родныя і блізкія, госці з розных куткоў Беларусі ўсё прыбывалі і прыбывалі, а гаспадыня гасцінна і з узнёслым настроем сустракала кожнага, запрашала зайсці. А як жа інакш, вёска Замошша і яе жыхары цяпер гонар маюць, іх гісторыя занатавана ў кнізе!
Падчас адкрыцця прэзентацыі аўтару гэтых радкоў насілу падалося праціснуцца бліжэй да галоўнага месца падзеі. А пачалася яна адметна — вясковую хату, як і ў даўнія часы, напоўнілі чароўныя гукі дуды…
І вось той самы момант, калі слова бярэ аўтар кнігі «Замошша. Гісторыя вёскі і ваколіц» Валерый Тухта. Трымаючы ў руках выданне, хвалюецца, пачынае гаворку пра сваю цікавасць да краязнаўства. Пра тое, як ён, ураджэнец Лепеля, краязнаўца, настаўнік гісторыі Слабадской сярэдняй школы суседняга раёна, падчас адной з экспедыцый у Замошша сустрэўся з яе жыхарамі, як нараджалася жаданне напісаць кнігу і мацнела ўпэўненасць саміх іх па меры назапашвання матэрыялу.
Валерый неаднаразова адзначаў, што працаваць было цікава, сілы надавала імкненне дапамагчы саміх жыхароў, іх родных і знаёмых. Нямала часу і намаганняў патрабавала праца з архіўнымі дакументамі ў Полацку, Віцебску і Мінску. Але ж без гэтага ніяк.

Каб сувязь не парывалася…

І ўсё ж цікавыя і змястоўныя, «па-народнаму простыя і жыццёвыя» ўспаміны пра мінулае свойго роду, расказы сведкаў многіх падзей, шматлікія фатаграфіі з сямейных альбомаў — тое, што найлепшым чынам перадае ўнутраны свет герояў кнігі, адлюстроўвае мясцовы каларыт, упэўнены аўтар. Ды і вопыт работы ў такім накірунку ён ужо меў.
І каб не здарылася так, што даўняя і багатая гісторыя Замошша і яе жыхароў бясследна знікла ў часе, трэба занатаваць тое, што здолелі зберагчы да сёння. Такім чынам і нарадзілася думка напісаць гэтую кнігу, адзначае Валерый.
«Забытыя сляды далёкіх продкаў», «Рэха мінулых дзён», «Летапіс мясцовых падзей», «Жыхары», «Воінскія пахаванні Другой сусветнай вайны на тэрыторыі Замошскага сельсавета», «Фотаздымкі з сямейных альбомаў» — раздзелы кнігі, якія ствараюць пэўнае ўяўленне пра гісторыю вёскі і яе ваколіц.
Тухта асабліва ўдячны Антаніне Стэльмах, якая па сутнасці «з’яўляецца захавальнікам гістарычнай памяці пра вёску і яе жыхароў, аб’яднала вакол сябе вясковую грамаду і натхніла кожнага ўзяцца ды распавесці пра сваіх продкаў».

Аўтар кнігі «Замошша. Гісторыя вёскі і ваколіц»Валерый Тухта:
— І каб не здарылася так, што даўняя і багатая гісторыя Замошша і яе жыхароў бясследна знікла ў часе, трэба занатаваць тое, што здолелі зберагчы да сёння. Такім чынам і нарадзілася думка напісаць гэтую кнігу.

Ці трэба казаць, з якой радасцю ўсе тыя, чые карані тут, віталі з’яўленне кнігі, наколькі цёпла і шчыра сустракалі аўтара, дзякавалі за такі дарагі падарунак.

А гэта, няма ніякага сумнення, будзе спрыяць таму, каб сувязь пакаленняў заставалася трывалай, не гублялася повязь з роднай зямлёй тых, каго жыццё параскідала па свеце.

Свае віншаванні ўдзельнікам мерапрыемства дораць самадзейныя артысты Красналуцкага сельскага Дома культуры.

Словы падзякі аўтару, усім, хто прымаў удзел у падрыхтоўцы кнігі, адрасавалі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Г. П. Авіжа, старшыня Красналуцкага сельвыканкама Н. Р. Іонікава. Валерый Тахта і Антаніна Стэльмах прымалі Падзякі сельвыканкама за вялікі ўклад у захаванне гістарычнай памяці пра вёску Замошша і яе жыхароў.

Гэтыя вершаваныя радкі жыхаркі Замошша Антаніны Стэльмах змешчаны на вокладцы кнігі «Замошша. Гісторыя вёскі і ваколіц». Публікуем іх без змянення.
Тут лясы, балоты, пожні,
І рачулкі берагі.
Наша любае Замошша,
Край навекі дарагі!
Мілы сэрцу ўсе наўколлі,
Ганчароўка і Барок,
Дзе зімой каталісь з горкі,
Абганяя вецярок…

У гэты дзень усе жыхары Замошша з рук аўтара атрымалі экзэмпляр кнігі — і вочы кожнага свяціліся цеплынёй і радасцю. Як і іх родзічаў, якія таксама займелі выданне пра любы і дарагі куточак — каб сувязь не парывалася…

Міхаіл ДЗЕРАВЯГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *