Калядны цуд

На працягу многіх і многіх гадоў напрыканцы першага тыдня новага года ладзілася ў гарадах і мястэчках Беларусі свята Каляды. Валачобнікі, а таксама пераапранутыя ў розных жывёл, герояў народнага фальклору сяляне з песнямі, танцамі, варажбой і прыпеўкамі заходзілі ў кожны дом, віншавалі з надыходзячым святам Нараджэння Хрыстова, пелі, загадвалі розныя загадкі, жадалі дабрабыту, усяго найлепшага, а ўзамен ад гаспадароў – так званы «пачастунак» – штосьці смачнае з яды: каўбасы, сала, хлеб, бліны.


Звязаны звычай калядаваць яшчэ з язычніцкімі абрадамі. Пачынаюць святкаваць Каляды напярэдадні праваслаўнага свята Нараджэння Хрыстова, а працягваецца ўсё аж да Вадохрышча, 19 студзеня. Менавіта ў гэтыя дні маладыя варажылі на будучы лёс, асабліва дзяўчаты. Шмат павер’яў звязана з гэтым.
Хрысціяне прытрымліваюцца іншага погляду на калядныя звычаі, але ў багатай і насычанай гісторыі народнага календара свята Каляды займае асобае месца.


Як калядавалі нашы продкі, якія звычаі былі ў беларускіх вёсках шмат гадоў таму, і нагадалі ўсім тыя, хто завітаў у калядны вечар на галоўную плошчу Чашнік на святочнае прадстаўленне «Калядкі – вясёлыя святкі!».
Дзіцячы фальклорны калектыў «Вербачка» гарад-скога Дома культуры прапанаваў гледачам абрад «Гэй, Каляда!», а ўдзельнікі народнага клуба «Ветэран» завіталі да гаспадароў з песнямі, прыпеўкамі і пажаданнямі дабрабыту. Не абышлося без Казы, Мядзведзя, Цыганкі, Цыгана, Бабы-Ягі і іншых герояў.
На сцэне самадзейныя артысты стваралі самы што ні на ёсць чарадзейны цуд. Тэатралізаванае прадстаўленне ладзілі і дзеці, і дарослыя, атрымалася яно захапляючым і цікавым. Як заўсёды, народны тэатр мініяцюр «Каласок» гарадскога Дома культуры дарыў гледачам незабыўныя эмоцыі, а арганізаваныя гульні і конкурсы павесялілі ўсіх прысутных.


Музычныя нумары ў выкананні народнага ансамбля народнай песні «Ульчанка» ГДК, вакальных груп «Рябинушка» (ГДК), «Девчата» (ГДК мікрараёна папяровай фабрыкі) не давалі сумаваць нікому. Ногі самі прасіліся ў скокі, ды і вечар выдаўся сапраўды зімовы – гурбы снегу, лёгкі марозік, прыгажуня-елка – усё стварала святочны настрой. Быў арганізаваны гандаль.
Завяршылася мерапрыемства дыскатэкай.

Наталія ШЫРКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *