Янка Журба

7 студзеня 1964 года не стала нашага земляка, беларускага настаўніка і паэта Янкі Журбы (Івана Івашына). Нарадзіўся ён ў вёсцы Купніна (ля льнозавода) Лепельскага павета (цяпер Чашніцкі раён) у сялянскай сям’і.
У 1902 годзе скончыў Полацкую настаўніцкую семінарыю. Настаўнічаў на Віцебшчыне. Пасля заканчэння Глухаўскага настаўніцкага інстытута (Чарнігаўская губерня) працаваў выкладчыкам у гарадскіх і пачатковых вучылішчах Украіны, Беларусі, Расіі, у навукова-педагагічнай камісіі Наркамасветы БССР, інспектарам Бабруйскага, затым Калінінскага акруговых аддзелаў народнай асветы, выкладчыкам у Чэрыкаўскай сямігадовай школе, у Магілёўскім медыцынскім вучылішчы.


У 1934 годзе пераехаў у Мінск і працаваў у Інстытуце мовазнаўства АН БССР. З-за хваробы вачэй быў змушаны пакінуць працу. З 1941 года і пасля вайны жыў у Чашніцкім раёне, быў настаўнікам музыкі і спеваў у пачатковых класах. Жыў у вёсцы Слабада, апошнія гады правёў у доме састарэлых у Полацку.
Творчы шлях пачаў у 1902 годзе. Друкаваў этнаграфічныя нарысы ў газеце «Витебские губернские ведомости». Першы верш на беларускай мове апублікаваў у 1909 годзе ў газеце «Наша ніва». Аўтар зборнікаў паэзіі «Заранкі», «Ясныя шляхі», «Вершы», «Роднае», «Мая песня» і кніжак для дзяцей «Ластаўкі», «Сонечная раніца», «Светлыя дні» і іншых.
Пераклаў на беларускую мову раман Ф. Дастаеўскага «Бедныя людзі».
На зямлі, дзе нарадзіўся і доўгі час жыў Іван Івашын, памяць яго ўвекавечана. Дзіцячая бібліятэка райцэнтра носіць імя славутага земляка. Ёсць у Чашніках і вуліца Янкі Журбы.

Наталля СТУКАЛАВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *