На «Агульную дыктоўку»

1 чэрвеня ў Беларусі пройдзе масавая «Агульная дыктоўка» па беларускай мове. Напісаць яе можна будзе дома альбо ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Маштабная ініцыятыва прымеркавана да 400-годдзя выхаду «Граматыкі» Мялеція Сматрыцкага — кнігі, якая больш за 200 гадоў была вядучым выданнем па славянскай філалогіі, паведамілі ў кампаніі «Лідскае піва», якая з’яўляецца арганізатарам праекта.
Напісаць дыктоўку можа любы жадаючы незалежна ад узросту і роду заняткаў. Пры гэтым арганізатары свядома выбіраюць тэкст павышанай складанасці, каб звярнуць увагу на багацце, самаідэнтычнасць і асаблівасці беларускай мовы.


Каб стаць удзельнікам, трэба зарэгістравацца на старонцы праекта і ў пазначаны час далучыцца да сотняў беларусаў, якія будуць пісаць дыктоўку на роднай мове. Сёлета арганізатары забяспечваюць радыётрансляцыю дыктоўкі на хвалях радыёстанцыі «Культура» (102,9 FM у Мінску, 88,5 FM у Брэсце, 99,3 FM у Віцебску, 91,5 FM у Гомелі, 95,0 FM у Гродне, 99,1 FM у Магілёве). Прамая трансляцыя пачнецца а 12 гадзіне адначасова са стартам дыктоўкі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Для праверкі трэба будзе адправіць сваю працу па форме на сайце lidskae.by.
Правяраць дыктоўкі будуць прафесійныя філолагі. Арганізатары звяртаюць увагу, што выпраўленні будуць улічвацца на карысць ўдзельніка. Вынікі дыктоўкі стануць вядомыя праз 5-7 рабочых дзён, і кожны ўдзельнік атрымае электронны сертыфікат. Арыгінал тэксту дыктоўкі апублікуюць на старонцы праекта, каб кожны мог праверыць сябе.
Папулярызацыя беларускай мовы — важны напрамак карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці «Лідскага піва». Кампанія рэгулярна арганізуе акцыі і фестывалі на беларускай мове. Праект «Агульная дыктоўка» ў 2019 годзе праводзіцца кампаніяй «Лідскае піва» пры падтрымцы канала «Культура» Беларускага радыё.

****

«Праект «Агульная дыктоўка» накіраваны на папулярызацыю беларускай мовы. Сёлета ён будзе праходзіць ужо ў трэці раз. Два гады таму ўдзельнічалі каля 170 чалавек, летась іх было больш за 300″, — паведамілі арганізатары.

Наталля СТУКАЛАВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *