Ішла Каляда калядуючы…

На праваслаўнае Раство, 6 студзеня, жыхароў райцэнтра запрасілі на народныя гулянні, што прайшлі на плошчы каля райвыканкама. Гасцей тут віталі па ўсіх канонах і традыцыях –  з каляднымі спевамі, гульнямі і танцамі. Пачалося святочнае мерапрыемства на імправізаванай сцэне. 

Усе жадаючыя змаглі далучыцца да абраду шчадравання. Сцэна на адзін вечар ператварылася ў звычайную вясковую хату. Гаспадыня завіхалася ля стала і чакала гасцей. У народзе лічылася: калі весела сустрэць пачатак Каляд, то ўвесь год будзе шчаслівы. Менавіта так и адбылося. Гучала музыка. Пад каляднай зоркай прайшлі Каза, Мядзведзь і іншыя казачныя персанажы. Усе, хто жадаў, маглі тут жа далучыцца да вясёлай дзеі – дастаткова было проста пачаць разам з калядоўшчыкамі спяваць і танцаваць.

Абрад калядавання паказалі на сцэне творчыя калектывы ГДК райцэнтра.

Калядоўшчыкаў звычайна чакаюць у кожнай хаце. А да каго Каляда не завітае, таго шчасце не напаткае. Бо лічылася: як сустрэнеш калядны вечар – такі будзе і ўвесь год. Таму Гаспадыня з Гаспадаром зрабілі так, каб усім, хто завітаў да іх на свята, было весела і цікава. Калядоўшчыкаў шчодра пачаставалі, не пакрыўдзілі і Мядзведзя з Казой. На працягу ўсяго тэатралізаванага выступлення гучалі абрадавыя песні і вершы. Жадалі гаспадарам, каб былі ў сям’і ўсе здаровымі і багатымі, каб было шчодра на стале і ў агародзе. А гукі гармоніка чуваць былі па ўсёй вёсцы. На нейкі момант здалося, што гэта сапраўды адбываецца ў вёсцы.

Падчас гульнёвай праграмы было весела і дзецям, і дарослым.

Стварыць атмасферу сапраўднага свята ў гарадскіх умовах дапамаглі тэатральныя калектывы гарадскога Дома культуры райцэнтра, якія прадэманстравалі традыцыйныя абрады і гульні. Народны ансамбль народнай песні «Ульчанка» суправаджаў усе дзеі каляднымі спевамі, таксама была падрыхтавана спецыяльная праграма з разнастайнымі гульнямі каля сцэны і хараводамі вакол ёлкі.

Шмат жыхароў і гасцей горада завіталі на свята, каб паўдзельнічаць у калядных гульнях і абрадах, паглядзець тэатралізаваную праграму і проста адпачыць у гэты вечар са сваімі сем’ямі, знаёмымі і сябрамі.
А ноч калядная выдалася асаблівай яшчэ і таму, што нарэшце выпаў доўгачаканы снег.

Наталля СТУКАЛАВА.

 

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *