Бестселеры па-беларуску

А вы ведаеце, якія кнігі на роднай мове зараз самыя папулярныя? Сетка «Белкніга» прадставіла 10 лідараў за паўгоддзе ў сваіх крамах, да якіх адносіцца і гандлёвы аб’ект у горадзе энергетыкаў.
На 10-м месцы любімая кніга дзяцінства некалькіх пакаленняў беларусаў у перакладзе — Астрыд Ліндгрэн «Малыш і Карлсан, які жыве на даху» (выдавецтва «Попурри»).
На 9-м — унікальнае выданне з 30 казкамі з ілюстрацыямі беларускага мастаска Валерыя Славука. Старт продажаў адбыўся 22 красавіка, а ўжо праз 2 месяцы кніга ўвайшла ў ТОП-10 — «Вядзьмар, які рабіўся ваўком: чарадзейныя казкі».


На 8-м месцы таксама кніга казак ад выдавецтва «Парадокс» — «Беларускія казкі».
На 7-й пазіцыі — кніга твораў мастацкай літаратуры і фальклору, што ўваходзяць у праграму дашкольнай адукацыі «Залатая скарбонка. Хрэстаматыя для дашкольнікаў» (выдавецтва «Аверсэв»).
На 6-й — «залатая класіка» Беларусі: Іван Мележ, «Людзі на балоце» (выдавецтва «Попурри»).
Раман, які ў свой час паўплываў на развіццё беларускай нацыі, знаходзіцца на 5-м месцы — Уладзімір Караткевіч, «Каласы пад сярпом тваім» (выдавецтва «Попурри»).
На 4-м месцы — яшчэ адна кніга ад вышэйна-званага выдавецтва, вядомая гістарычная аповесць з элементамі містыкі Уладзіміра Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха».
На 3-м месцы — алегарычная аповесць-казка, самы вядомы твор Антуана дэ Сэнт-Экзюперы, перакладзены больш чым на 250 моў. А сёння ёсць магчымасць прачытаць яго па-беларуску. Гэта — «Маленькі прынц» (выдавецтва «Попурри»).
На 2-м месцы — «Дзіцячы атлас Беларусі. Славутыя асобы» (выдавецтва «Мастацкая літаратура»). Папярэднія атласы, якія распавядалі чытачам пра прыроду Беларусі, помнікі архітэктуры, легенды і паданні, адразу пасля выхаду сталі папулярнымі. Дадзены выпуск, прысвечаны знакамітым людзям нашай краіны, таксама выклікаў вялікую цікавасць.
І лідар продажаў — «Гары Потэр і філасофскі камень» ад выдавецтва «Янушкевич». Рэліз беларускага перакладу сусветнага бестселера Дж.К.Роўлінг адбыўся 14 снежня, і праз 18 дзён кніга стала адной з самых прадаваемых у сетцы «Белкніга».

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *