На Чашніччыне прайшлі кірмашы

Надышоў той час, калі амаль увесь вырашчаны ўраджай са-браны з палёў і агародаў. А гэта значыць, што людзі ўжо клапоцяцца, як запасціся сельскагаспадарчай прадукцыяй на зіму. Пашыраныя восеньскія кірмашы прайшлі ў суботу і нядзелю ў Новалукомлі і Чашніках.
Сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, фермеры, гаспадары падворкаў, прад-прымальнікі прапаноўвалі разнастайную прадукцыю, а пакупнікі мелі магчымасць вывучыць цэны і зрабіць выгадную пакупку. Як і ў мінулыя гады, сёлета ажыятаж назіраўся ля машын з зернем, дзе збіраліся чэргі. Хуткімі тэмпамі ішоў гандаль у КУСГП «Насенне», ААТ «Іванскі-Агра».


Багаты асартымент агародніны можна было пабачыць на кірмашы. Капуста, морква, залацістая цыбуля, часнок, бурачкі, яблыкі ды грушы — усё знайшло свайго пакупніка. Самы, як кажуць у народзе, хадавы тавар — капуста. І невыпадкова — зараз добры час займацца квашаннем. Не менш карысталася попытам і бульба.


— Кірмаш заўсёды чакаем з нецярпеннем, — падзяліўся чашнічанін Аляксандр. — Традыцыйна капустай, бульбай запасаемся. Выбар тавараў добры. Усё зручна і даступна.
Калі пакупнік набываў агародніны сетачак па кілаграмаў 30, то і на веласіпедзе давезці дадому нязручнасцей не выклікала, а калі ж аб’ёмы былі большыя, то з транспартам праблем таксама не было. Для дастаўкі дадому сельгаспрадукцыі платныя паслугі аказваў філіял «АТП № 14».
Адкрытае акцыянернае таварыства «Іванскі-Агра» прапаноўвала наведвальнікам кірмашу ялавічыну па даступным цэнам.


На плошчы лепельскімі садаводамі былі выстаўлены саджанцы туй, яблынь, груш, сліў і іншыя, можна было набыць кусцікі буякоў, прывезеныя з фермерскай гаспадаркі «ВАРЗА» Чашніцкага раёна.

Гучала бадзёрая музыка, выступалі артысты мастацкай самадзейнасці: спявалі песні, імправізавалі. Прыходзілі жыхары райцэнтра назапасіцца неабходным і станавіліся ўдзельнікамі свята. І надвор’е спрыяла добраму настрою.
Сярэдзіна восені — час, калі трэба папаўняць засекі. Усе, хто хацеў, здолелі гэта зрабіць. Нездарма кажуць у народзе: запас бяды не чыніць.

Ірына САЛАЎЁВА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *