«Залаты ўзрост» папоўніў сваю скарбонку чарговым дыпломам

Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці ў сярэдзіне снежня праводзіў IХ абласны агляд-конкурс харэаграфічных калектываў Віцебшчыны «Прыдзвінскія карункі», прысвечаны заслужанаму дзеячу культуры Беларусі Івану Арцёмавічу Серыкаву, дыстанцыйна, у сувязі з неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыяй у краіне. У ім прымалі ўдзел вядучыя аматарскія харэаграфічныя калектывы народна-сцэнічнага, эстраднага танца, а таксама харэаграфічныя калектывы, якія маюць званне «заслужаны», найменне «народны або ўзорны аматарскі калектыў», незалежна ад іх ведамаснай падпарадкаванасці. Сярод удзельнікаў і танцавальны клуб «Залаты ўзрост» (кіраўнік Наталля Томашава) дзяржаўнай установы «Навалукомльскі Палац культуры» з харэаграфічная кампазіцыя «Хлеб ды соль».

Прафесійнае журы, у склад якога ўваходзілі кваліфікаваныя спецыялісты ў галіне харэаграфічнага мастацтва, ацэньвала відэаматэрыялы конкурсных нумароў загадзя дасланых канкурсантамі. Пад пільнай увагай – дакладнае веданне кампазіцыі танца, непасрэднасць і выразнасць вобразна-пластычнага самавыяўлення, тэхніка і музычнасць выканання.
Па выніках конкурсу нашы землякі атрымалі дыплом за зберажэнне і папулярызацыю танцавальнай спадчыны Віцебшчыны, з чым мы іх і віншуем.

Марына МІШУЛКОВА.

 

Поделиться в:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *