Проект «Бацькаўшчына»


Свята-Мікалаеўская царква

За тры кіламетры ад Чашнік уздоўж ракі Улы раскінулася вёсачка Браздзецкая Слабада. Калісьці цэнтрам прыцягнення тут быў храм Свяціцеля Мікалая Цудатворца.

Пабудаваны ў другой палове XIX стагоддзя на маляўнічым прыбярэжным лузе, ён і сёння, нават у паўразбураным ста­не, вабіць погляд сваёй ціхай прыгажосцю. Калі знаходзіш­ся побач, адчуваеш, што гэта асаблівае месца. Месца сілы і супакаення.

Едзеш па цэнтральнай вуліцы і нечакана сярод дахаў дамоў і галін прыдарожных вербаў сустракаеш будынак царквы. І … гняздо буслоў на месцы былой макаўкі цар­коўнай званіцы. Як быццам птушкі знарок выбралі для свайго будаўніцтва храм, каб і людзям паказаць пры­клад стварэння. Дарэчы, бу­сел на Беларусі спрадвеку — свяшчэнная птушка, сувязное звяно паміж небам і зямлёй, сімвал чысціні і адраджэння. Хочацца верыць, што і людзі калісьці адновяць Божы храм, у будаўніцтва якога ўклалі сваю душу ды працу іх далёкія продкі.

Сучасны выгляд Свята-Мікалаеўскай царквы. Ранейшыя здымкі, на жаль, не захаваліся

Храм парадкам пацярпеў за час вайны і ў наступныя гады, калі ён выкарыстоўваў­ся мясцовым калгасам пад склад угнаенняў. Да нашых дзён захаваліся толькі сце­ны, барабан цэнтральнага купала і званіца. Аднак і яны даюць уяўленне пра былую веліч будынка, узведзенага, паводле архіўных дадзеных, каля 1858 года ў стылі поз­няга класіцызму. Мяркуючы па падабенстве аблічча хра­ма з архітэктурным рашэн­нем Спаса-Праабражэнскай царквы ў Чашніках, а таксама супастаўляючы гады іх пабу­довы, можна гаварыць, што будаўніцтва Свята-Міколь­скай царквы арганізаваў той жа чалавек – вядомы мецэнат Ігнат Валадковіч.

Царква Свяціцеля Міка­лая дзейнічала да 1929-1930 гадоў. Потым была зачыне­на, а апошні яе настаяцель – святар Васіль Вайткевіч, які праслужыў у ёй з 1901 года, — быў пераведзены ў с. Мар­

цінава Лепельскага павета. Да рэвалюцыі акрамя выканан­ня абавязкаў святара бацюш­ка выкладаў у вучылішчы Міністэрства народнай асве­ты, якое знаходзілася не­падалёк ад храма. Будынак вучылішча не захаваўся да нашых дзён, затое на вяско­вай вуліцы яшчэ і сёння стаіць хата, дзе жыў са сваёй сям’ёй айцец Васіль.

У гэтым доме жыў калісьці Васіль Вайткевіч

Усё менш застаецца лю- дзей, якія з расказаў дзя­доў і бабуль памятаюць пра часы, калі гучалі званы Свя­та-Мікольскай царквы і спя­шаліся пад яе скляпенні на нядзельную службу святочна апранутыя сяляне. Але заўсё­ды прыцягвала царква дзетак, была ўлюбёным месцам іх гульняў ды пошуку скарбаў. Мясцовыя жыхары распавя­даюць, што яшчэ ў савецкія часы некаторыя спрабавалі раскопваць зямлю на тэрыто­рыі царквы, але знайшлі пры гэтым рэшткі людзей, паха­ваных пад храмам, пасля чаго раскопкі спынілі.

Аднак нават і сёння людзі не забываюцца пра былую царкву, прыбіраюць тэры­торыю вакол яе. Штогод, 21 мая, на дзень памяці Свяціце­ля Мікалая, да прысвечанага яму храма з Чашнік здзяйс­няецца Хросны ход, на месцы служыцца малебен.

Калі паглядзець на храм з процілеглага боку ракі, то здаецца, што гэта – белы кара­бель, які плыве па хвалях часу ўздоўж старажытных берагоў Улы. Ён нясе нам пасланне ад нашых прадзедаў: як дрэва моцнае сваімі каранямі, так памяццю аб мінулым жыве народ.

 Андрэй Шыдлоўскі


 Аграгарадок Красналукі

згубіўся сярод лясоў на самай мяжы Чашніцкага раёна. Яшчэ да 30-х гадоў мінулага стагоддзя ён быў тыповым мястэчкам: некалькі вуліц з тратуарамі, цагельня, дзве школы, крама і клуб. Аж да вайны тут захоўваліся старажытная двухпавярховая сінагога і драўляная царква.

Праваслаўную царкву пачалі будаваць у 1862 годзе на грошы, выдзеле­ныя ўрадам, а завяршылі толькі праз 14 гадоў, калі ў 1876-м адбылося асвячэн­не храма ў імя Святога Духа. Размешча­ны на высокім пагорку, даступны агля­ду з усіх бакоў, ён нават архітэктурна выступаў у якасці цэнтра Красналук. Напярэдадні прыхадскога свята, на Сёмуху, у Красналуках праходзіў што­гадовы кірмаш, які збіраў шматлікіх сялян з навакольных вёсак. Нават калі царква пасля рэвалюцыі была зачыне­на, традыцыя працягвалася доўгія гады аж да Вялікай Айчыннай вайны.

Чорным віхурам смерці прайшлі па нашай зямлі нямецка-фашысцкія захопнікі. Яны фактычна сцерлі з твару зямлі ранейшыя, даваенныя Крас­налукі, у кар’еры каля цагельні забілі больш за трыста яўрэяў. Снарадам была знішчана і драўляная Свята-Ду­хаўская царква.

У пасляваенныя гады на былым камен­ным падмурку храма быў пабудаваны сель­скі дом культуры, які да гэтага размяшчаў­ся ў будынку старой сінагогі. На працягу наступных дзесяці­годдзяў менавіта клуб заставаўся на вёсцы адзіным цэнтрам ду­хоўнага жыцця.

У перабудову і цяж­кія дзевяностыя людзі сталі вяртацца да сваіх гістарычных і куль­турных каранёў. Тады ў мясцовых жыхароў і ўзнікла ідэя аднаўлен­ня храма. Ураджэнец суседняй вёскі Міха­лова Анатоль Казы­рыцкі не проста выка­заў такую прапанову, але і выступіў мецэна­там, прафінансаваўшы разам з землякамі рэалізацыю праекта. Ніхто не ведаў перша­пачаткова, як выглядала папярэдняя царква, вонкавае аблічча храма рас­працоўвалі нанова. Але якое ж было здзіўленне, калі пазней, дзякуючы знойдзеным старадаўнім фатаграфіям, удалося ўстанавіць, што новы храм амаль паўтарае архітэктурныя формы ранейшай культавай пабудовы.

Царква ў імя святога праведнага Іаана Кранштадскага была пабудава­на ў 1999 годзе. Людзі самастойна за­казвалі падсвечнікі, ахвяравалі іконы, пашылі заслону для царскай брамы. Як успамінаюць прыхаджане, яшчэ не былі канчаткова выкладзены падло­га, а іканастас склалі з чорна-белых, знятых на ксераксе, ікон, калі ў храме адслужылі першую літургію. Пры пад­трымцы мясцовых улад стварылі нядзельную школу.

Красналукі зноў змяніліся, толькі зараз у жыхароў, як і сто гадоў таму, ёсць свой храм. Цяперашні святар, іерэй Канстанцін Грыгаровіч, пра­цягвае служэнне папярэднікаў, нясе Божае слова людзям. Пры ім царкву ўвянчалі паўнацэнныя купалы. Тэры­торыя вакол добраўпарадкавана. Але самае галоўнае, як адзначае айцец Кан­станцін, гэта «добраўпарадкаванне» чалавечых душ. Бо знешняя набожнас­ць нічога не вартая, калі чалавек у паў­сядзённым жыцці не пачне ўвасабляць ідэалы хрысціянства, такія блізкія і зразумелыя нашым продкам.

Андрей Шидловский


Свята-Троiцкі храм ў вёсцы Белая Царква

Праект «Бацькаўшчына» працягваецца, і сёння мы раскажам вам пра знакамітую царкву, гісторыя якой вельмі таямнічая і цікавая.

На жаль, на сённяшні дзень храм не працуе, але людзі ўсё роўна прыязджаюць на яго рэшткі. І гэта – Свята-Троiцкі храм ў вёсцы Белая Царква.

Гаворачы пра Белую царк­ву, нельга не ўзгадаць яе «старэйшага брата» – Чарэй­скі манастыр. У гістарычных зводках 1475 года можна знайсці такое апісанне: «Смо­ленский епископ Мисаил в своей записи свидетельствует, что он «уделал» в Черее «храм св. Троицы и монастарь». Таму лічыцца, што Чарэйскі мана­стыр быў пабудаваны да 1454 года, а напрыканцы XV стагод­дзя заснавальнік перадаў пра­вы патранату над храмам ў род князёў Сапегаў.

Манастыр спачатку быў мужчынска-жаночым, што характэрна для глыбокай даўніны хрысціянства на Русі. Пазней ён стаў толькі муж­чынскім, але невядома, калі гэта адбылося.

Вялікі ўклад ва ўзнаўленне Чарэйскага манастыра ўнёс Леў Сапега. Стары драўляны будынак, які стаяў на беразе возера Галаўль, ён знёс, а новы каменны пабудаваў на востра­ве таго ж возера. Гэты храм быў белы, таму атрымаў назву «Белацаркоўскі». Дата засна­вання адноўленага Чарэйскага манастыра – 1597-1598 гг.

Манастыр прашоў праз шмат розных вер: спачатку праваслаўную, потым уніяц­кую. А ў 1599 годзе каля яго Сапега размясціў Троiцкую царкву – помнік архітэктуры позняга барока. Некаторыя гісторыкі лічаць, што яе мог пабудаваць італьянскі архітэк­тар Арыстоцель Фіораванці, які ўзвёў Успенскі сабор у Ма­скве. Але ніякіх фактычных звестак аб гэтым няма.

Таксама пазнаёмім вас з цікавай легендай пра пад­зямелле царквы, патайны ход ад якога вёў аж да Чарэйскага замка і быў пракладзены пад Чарэйскім возерам. Лічаць, што там былі захаваны велі­зарныя багацці. Існавала мер­каванне, што тут, у падвалах уніяцкай царквы, хавалі мно­гіх з роду Сапегаў.

Леў пакінуў у царкве свае ручныя работы і падарункі – абразы, царкоўнае начыненне, крыж, плашчаніцу, – але ўсе гэта трапіла ў рукі захопнікаў у гады вайны.

З прыходам бальшавікоў царква была разрабавана і пераўтворана ў збожжасховішча. Будынак доўгія гады расцягвалі па цаглінах на бу­даўнічыя патрэбы, а пасля на руінах зладзілі альпінісцкую базу, якую зачынілі пасля тра­гічнай гібелі альпіністкі.

Зараз жа царква, нягледзячы на яе выгляд, таксама карыстаецца вялікай папуляр­насцю. Людзі прыязджаюць туды з розных канцоў свету, каб памаліцца, паглядзець на славутасці, каля яе таксама праводзяць вядомае ў краіне свята.

Ганна СУШКОВА


Рэшткі былой велічы: палац Валадковічаў у Іванску

У рамках  праекта «Бацькаўшчына» мы працягваем расказваць вам пра знакавыя мясціны нашага раёна і сёння знаёмім з гісторыяй Іванскага палаца, своеасаблівым культурна- гістарычным цэнтрам Чашніччыны таго перыяду.

З канца XVIII ст. Іванск і нава­кольныя вёскі набыў крайчы Менскага ваяводства Тадэ­вуш Валадковіч. З гэтага часу і да Кастрычніцкай рэвалю­цыі Чашніччына стала месцам пастаяннага пражывання ад­ной з галін гэтага роду, прад­стаўнікі якой сваёй рэзідэн­цыяй зрабілі вышэйназваную вёску.

Як паведаміў нам кіраўнік гісторыка-краязнаўчага музея ДУА «Іванская ДССШ Чаш­ніцкага раёна» Віктар Віль­гельмавіч Грыбко, на мяжы XVIII-XIX ст. Валадковічы пабудавалі ў Іванску аднапа­вярховы асабняк. Ён меў план моцна выцягнутага прамаву­гольніка і стаяў на высокіх пад­вальных памяшканнях з ква­дратнымі вокнамі. На фасадзе будынка выдзяляліся два ідэн­тычныя порцікі, кожны з якіх складаўся з чатырох калон. Крайнія з іх праз сценку злу­чаліся з фасадам. Порцікі за­вяршаліся трохкутнымі фран­тонамі з невялікімі акенцамі. Сціплыя сцены ўпрыгожвалі вялікія вокны, падзеленыя на восем квадратных частак. Гмах быў пакрыты гладкім двух­скатным гонтавым дахам. У гэтым будынку Валадковічы жылі да канца XIX ст.

Далей яны побач са старым узвялі новы, вялікі двухпавяр­ховы асабняк без стылю, ума­цаваны па кутках падпоркамі. Унутраная прастора будынка нагадвала манастыр. Новы асабняк узводзіўся галоўным чынам дзеля размяшчэння там калекцый і сямейных рэ­ліквій. Іх збіралі некалькі пака­ленняў, а найбольш – апошні ўладальнік Іванска Вінцэнт Валадковіч. Вялікая, падобная на трапезную, сталовая зала новага палаца была завешана сямейнымі партрэтамі. Сярод карцін, маляваных дамарос­лымі мастакамі, трапляліся і каштоўныя творы. Адна зала з прыстаўленымі да сцен ду­бовымі шафамі, сягаючымі да столі, прызначалася для бібліятэкі і сямейнага архіва. Своеасаблівай скарбніцай было месца, дзе захоўвалі га­лоўным чынам старое серабро (гербавыя падносы, кошы­кі тонкай карункавай рабо­ты, падсвечнікі). На сценах вісела старажытная зброя, у тым ліку шаблі, аздобленыя срэбрам і золатам, упрыгожа­ныя рубінамі і іншымі каштоў­нымі камянямі. У памяшканні размяшчаліся старасвецкі ку­фар, калекцыі слуцкіх паясоў, усходніх кілімаў, посуду, пры­везенага з Францыі.

Адну з залаў прызначылі для зброі, сабранай пасля бітваў уладальнікамі маёнтка. На жаль, далейшы лёс архіва, бібліятэкі, музейных экспана­таў і іншага багацця пасля Ка­стрычніцкай рэвалюцыі невя­домы.

Побач з палацам быў пабу­даваны флігель, дзе жыла аб­слуга і размяшчалася сталовая зала для работнікаў, якія пра­цавалі ў Валадковічаў. Флігель гэты таксама быў двухпавяр­ховы. Жыхары Іванска жылі ў ім да пачатку 70-х гадоў XX ст., потым перасяліліся ў новыя дамы, пабудаваныя калгасам.

Палац быў акружаны вялікім пейзажным паркам з газонамі, клумбамі кветак, ліпавымі алеямі і аранжарэяй, у якой разводзіліся «заморскія кветкі». Пасярод парка была альтанка, акружаная соснамі, дарожкі пасыпаны бітай цэглай чырвонага колеру. Шмат дрэў рознай пароды. А на ўскрай­ку парка, ля штучнай сажалкі, стаяла капліца. Побач з паркам знаходзіўся вялікі іпадром, на якім трэніравалі панскіх ры­сакоў. Насупраць палаца былі гаспадарчыя пабудовы: стайні, хлявы, гумно, кузня, лядоўня. Непадалеку размяшчаўся спірт­завод.

На жаль, да нашых дзён ад былога дагледжанага і ма­ляўнічага палацава-паркавага ансамбля захаваўся толькі флі­гель, які паступова разбураец­ца, і парк, які зарастае і губляе сваё першапачатковае аблічча.


Касцёл у Чашніках

Пра тое, як выглядаў касцёл у Чашніках, мы можам меркаваць, дзякуючы малюнку Напалеона Орды. Даследчыкі гісторыі літаральна разабралі яго на пікселі, каб зразумець веліч і непаўторнасць гэтага храма. Мы працягваем праект «Бацькаўшчына», прымеркаваны да Года гістарычнай памяці, і сёння наша ўвага прыцягнута да таго месца, дзе ў райцэнтры шмат гадоў таму ўзвышаўся цагляны касцёл.

Касцёл, Чашнікі.

На жаль, лёс гэтага будынка склаўся трагічна, ён не захаваўся да сённяшніх дзён. Але пра тое, што касцёл існаваў, у Чашніках добра ведаюць і зараз. Найбольш дапытлівыя яшчэ і раскажуць вам пэўныя звесткі пра гэты храм. Яны даволі цікавыя і заслугоўваюць таго, каб яшчэ раз пра гэта нагадаць.

Гісторыкі называюць дакладную дату з’яўлення цаглянага храма ў гандлёвым мястэчку — 1786 год. Дарэчы, касцёл будавалі сем гадоў у бытнасць прыёра Гуціскага. храм быў выкананы ў формах позняга барока і лічыўся самым вялікім касцёлам у Беларусі. На дзвюх яго фасадных вежах  размяшчаліся гадзіннік і тры званы, адлітыя ў Рызе. Чашніцкі касцёл стаў выбітным тварэннем архітэктуры XVIII стагоддзя.

У 1816 г. храм упрыгожылі насценныя роспісы, частка якіх захоўвалася да пачатку XX ст. Самым жа каштоўным яго аздабленнем лічылася скульптура Ісуса, выразаная мясцовым жыхаром, нейкім Прыстай у пачатку XVIII ст. Да гэтай скульптуры здзяйсняліся паломніцтвы з усёй Віцебшчыны. Алтар упрыгожвалі абразы, намаляваныя мастаком В. Лейндорфам.

Сучасны выгляд таго месца, дзе стаяў касцёл.

Пасля паўстання 1863 года касцёл спачатку закрылі, а пасля таго, як тут прадстаўнікі новага выступлення каталікоў зрабілі свой апорны пункт, яго перадалі праваслаўнай епархіі.

Цікавы факт. Мясцовая шляхта была катэгарычна супраць таго, каб касцёл існаваў у якасці праваслаўнай царквы. У пошуках праўды чашнічане дайшлі да Святога Сінода ў Пецярбургу. А пакуль пытанне вырашалася, прадстаўнікі каталіцкай шляхты днём і ноччу вартавалі касцёл. Але гэта не дапамагло, і з 1868 г. храм стаў называцца Мікалаеўскай царквой. Уся маёмасць  была перададзена ў іншыя касцёлы, а знакамітую скульптуру Ісуса Хрыста перавезлі ў капліцу Валадковічаў у Іванску. Улада забараніла нават выстаўляць гэтую святыню напаказ ці падчас богаслужэнняў. Захоўвалася яна ў спецыяльнай шафе, якая зачынялася на ключ.

З прыходам савецкай улады разгарнулася барацьба з рэлігіяй. У 1930 годзе башні Мікалаеўскай царквы знеслі, і храм ператварыўся ў Дом культуры. У гады Вялікай Айчыннай вайны з ім была звязана яшчэ адна трагічная гісторыя: менавіта тут правялі апошнюю перад масавым расстрэлам ноч жыхары Чашніцкага гета.

Пасля вайны, у шасцідзясятыя гады, будынак касцёла быў канчаткова знішчаны. У райцэнтры расказвалі, што для гэтага спатрэбілася спецыяльная тэхніка, бо сцены храма былі надзвычай трывалымі. А ў 1962 годзе на гэтым месцы пабудавалі школу, якая сёння мае статус гімназіі.


Вёска Калінаўка

Наша газета далучаецца да праекта Міністэрства інфармацыі і лаўрэата прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Уладзіміра Ліхадзедава «Бацькаўшчына», прымеркаванага да Года гістарычнай памяці. На працягу года мы таксама будзем папулярызаваць гістарычную спадчыну нашай малой радзімы. У рамках праекта арганізавана тэматычная рубрыка «Бацькаўшчына». У ёй будуць размешчаны архіўныя, музейныя фатаграфіі вядомых аб’ектаў або месцаў рэгіёну з кароткай гістарычнай даведкай і адпаведныя здымкі ў сучаснасці. А сёння размова пойдзе пра адзін з самых маладых гарадоў нашай краіны — Новалукомль.

Вёска Пыркаўшчына, фота з архіваў ветэранскай арганізацыі Лукомльскай ДРЭС.

1964 год — вёска Пыркаўшчына

Месца, дзе зараз знаходзіцца энергагігант Лукомльская ДРЭС, 58 гадоў таму выглядала так. Тут была вёска Пыркаўшчына — цэнтр саўгаса «Лукомльскі».
Вось, што пісаў пра яго «Віцебскі рабочы» 21 лістапада 1964 года: «На беразе Лукомльскага возера Пыркаўшчына стаяла сотні гадоў. Сярод іншых вёсак яна вылучалася толькі адным: сваім узростам, крывой вуліцай і не вельмі дагледжанымі дамамі. Вёска моцна пацярпела падчас гітлераўскага нашэсця. Пасля вайны будавалі паспешліва — хутчэй бы пад дах. У апошні час некаторыя пачалі перабудоўвацца.
І, напэўна, быць бы вёсцы вялікім населеным пунктам, калі б не адна акалічнасць: Пыркаўшчына стала перашкодай на шляху будаўнікоў. Яе жыхароў было вырашана перасяліць у іншае месца».
Для вяскоўцаў быў пабудаваны пасёлак з 16 двухкватэрных дамоў на беразе ракі Лукамка. Сюды пераехаў і калгаснік Пётр Галуза, у двары якога расла вярба, а на ёй знаходзілася буслінае гняздо з птушанятамі. Калі будавалі катлаван пад галоўны корпус электрастанцыі, бульдозеры пласт за пластом здымалі зямлю, але не чапалі толькі маленькі астравок з гэтым дрэвам. Усе ведалі загад начальніка будоўлі не разбураць птушыны дом. Яго і не кранулі, пакуль бусляняты самі не пакінулі месца жыхарства, стаўшы на крыло.

Вёска Калінаўка, фота з архіваў ветэранскай арганізацыі Лукомльскай ДРЭС.

1968 — вёска Калінаўка

Гэтая вёска таксама стала перашкодай на шляху будаўнікоў. На яе месцы ў 1968 годзе пачалося будаўніцтва мазутнай гаспадаркі ЛДРЭС. Роўна праз год паліўна-транспартны цэх прадпрыемства быў гатовы да пускавых аперацый.

Сучасны выгляд Лукомльскай ДРЭС.


Лукомльская ДРЭС

Наша газета працягвае серыю артыкулаў у рамках праекта Міністэрства інфармацыі і лаўрэата прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Уладзіміра Ліхадзедава «Бацькаўшчына». Вашай увазе — архіўныя, з кароткай гістарычнай даведкай і адпаведныя ў сучаснасці здымкі. У аб’ектыве — Лукомльская ДРЭС.

У маі 1966 года быў выкапаны першы кубаметр зямлі з катлавана пад галоўны корпус будучай Лукомскай ДРЭС. У пачатку снежня ва ўпартым спаборніцтве права працаваць у катлаване і забетанаваць пліту пад падмуркі першага энергаблока заваявалі члены комплекснай брыгады Аляксандра Якаўчыца. 15 снежня на будоўлі адбыўся шматлюдны мітынг, прысвечаны закладцы падставы пад галоўны корпус электрастанцыі. Ва ўрачыстых абставінах ў бетонную нішу была ўладкавана і замуравана памятная пліта з надпісам: «БССР, Лукомская ДРЭС, 15 снежня 1966 года, Новалукомль». Зрабіць падмурак пад першую калону галоўнага корпуса прадпрыемства даверылі перадавой брыгадзе мантажнікаў Мікалая Абознага.


Першыя ўспаміны пра кардонную фабрыку «Скіна»

ў Чашніках датуюцца 1886 годам. Менавіта тады яе пабудаваў памешчык Вінцэнт Валадковіч, устанавіўшы там дзве папераробчыя машыны. У рамках праекта «Бацькаўшчына» мы працягваем расказваць вам пра знакавыя мясціны нашага раёна і сёння знаёмім  з гісторыяй папяровай фабрыкі.

Вытворчы корпус фабрыкі, 1971 год.

Драўняную масу, неабходную для вырабу прадукцыі, рабілі на заводзе ў в. Вішкавічы, астатнія сыравіна і хімікаты былі прывазнымі. Да Кастрычніцкай рэвалюцыі фабрыку мадэрнізіравалі, на ёй устанавілі тры новыя машыны для вырабу паперы. Чашніцкая «Скіна» ў той час лічылася адным з найбуйнейшых папераробчых прадпрыемстваў Расійскай імперыі. Але гэта мала адбілася на ўмовах працы рабочых (дарэчы, у асноўным на прадпрыемстве працавалі жанчыны і дзеці), якія пакутавалі ад антысанітарыі, адсутнасці нармальных вентыляцыі і ўмоў жыцця. Вынікам гэтага сталі шматлікія забастоўкі.
Адданасцю справе добра вядомы Іван Карпавіч Алфёраў, які працаваў на «Скіне», а пазней узначаліў рэспубліканскі трэст цэлюлозна-кардоннай прамысловасці.Свае лепшыя якасці ен перадаў і сыну, вядомаму фізіку, нобелеўскаму лаўрэату Жорэсу Алфёраву.
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі «Скіна» была нацыяналізавана і перайшла ў распараджэнне дзяржавы. У 1918 годзе амаль поўнасцю спалена нямецкімі акупантамі. Праз некалькі год, дзякуючы намаганням рабочых, былі адноўлены папераробчыя машыны, майстэрні, выдадзена першая прадукцыя. У 1923-м фабрыка «Скіна» атрымала назву «Чырвоная Зорка». Да канца гэтага ж года яна пачала павялічваць вытворчую магутнасць.Працавалі тут у тры змены, налічвалася каля 260 пастаянных і 120 часовых рабочых, выраблялі да 10400 т паперы ў год.

Сучасны цэх па вырабу паперы і кардону філіяла «Папяровая фабрыка «Чырвоная Зорка» ААТ «Светлагорскі ЦКК».

У гады Вялікай Айчыннай вайны прадпрыемства не працавала, частку абсталявання напярэдадні прыходу ворага вывезлі ў тыл. Аднаўленчыя работы пачаліся адразу пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У верасні 1945 года папераробчая машына дала першую прадукцыю, затым паступова запрацавалі яшчэ дзве.Уведзены ў эксплуатацыю рулонаўпаковачная машына і цэх шырпатрэбу.
У 50-дзясятыя магутнасць фабрыкі дасягнула 7000 т паперы ў год: выпускалася шпалерная, пісчая, абгортачная, пад пергамент.
Барацьба за павелічэнне яе вырабу з’яўлялася важнай дзяржаўнай задачай.

Сур’езны крок у развіцці вытворчасці зроблены ў сямідзясятыя гады, за што фабрыцы было пры-своена званне «Прадпрыемства высокай культуры», двум відам паперы — Дзяржаўны знак якасці.
Пасля развалу Савецкага Саюза і разрыву былых гандлёва-эканамічных сувязей фабрыка апынулася ў цяжкім матэрыяльным становішчы і на працягу некалькіх гадоў знаходзілася ў крызіснай сітуацыі. Толькі дзякуючы распрацаванай праграме выхаду з крызісу і падтрымцы з боку дзяржавы, «Чырвоная Зорка» выйшла з цяжкага становішча.

Зараз філіял «Папяровая фабрыка «Чырвоная Зорка» ААТ «Светлагорскі ЦКК» — гэта сучаснае прадпрыемства, дзе скончана мадэрнізацыя папераробчай машыны, участка масападрыхтоўкі, устаноўлена новае абсталяванне па вырабу папяровых мяшкоў.Сёння ў асартыменце фабрыкі — розныя віды кардону і паперы, мяшкоў і сотавых запаўняльнікаў. Прадукцыя паспяхова рэалі-зуецца як на рынках Беларусі, так і ў краінах блізкага і далекага замежжа.

Ірына САЛАЎЁВА.


ААТ «Чысты выток 1872» — адно са старэйшых прадпрыемстваў раёна. Заснаваў яго пан Валадковіч – былы ўладальнік мястэчка Чашнікі.

Будынак асноўнага вырабу, сямідзясятыя гады

У рамках праекта «Бацькаўшчына» мы працягваем расказваць вам пра знакавыя мясціны нашага раёна і сёння знаёмім з гісторыяй спіртзавода.

Дакладны год заснавання прадпрыемства ў гістарычных крыніцах не захаваўся. Але ёсць ускосныя даныя. Так, у 1872 г. у Санкт-Пецярбургу быў выдадзены зборнік «В па­мять Первого русского Ста­тистического съезда 1870», у якім, дарэчы, адзначаец­ца, што ў мястэчку Чашнікі існаваў піваварны завод. Пабудаваны ён быў ля млы­на на р. Лукомцы ( ля завода харчовых прадуктаў). Гэты бу­дынак пазней ператвораны ў спіртзавод, бо з іншых гістарыч­ных крыніц (1895 г.) вядома, што пан Валадковіч бульбу са сваіх палеткаў пераапрацоўваў на спірт. Барду скарыстоўвалі на корм жывёлам. Спірт і кор­мных быкоў па таннаму шляху Бярэзінскай воднай сістэмы перапраўлялі на лодках-лайбах у Рыгу, дзе і прадавалі, атрым­ліваючы добрыя прыбыткі. Такім чынам, калі 1872 лічы­ць годам першага ўпамінання аб заводзе, то сёлета яму спаў­няецца 150 гадоў.

За гэты час прадпрыемства ў розныя перыяды як дасягала значных рубяжоў, так і перажы­вала цяжкія часіны. У гады гра­мадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў амаль ушчэнт разбурала­ся і вывозілася абсталяванне за­вода. Прыходзілася ўсё пачына­ць спачатку. Цяжкімі былі многія дні і ў недалёкім мінулым завода. Так, у 1986 годзе, калі прынялі ўрадавую пастанову аб барацьбе з п’янствам і ал­кагалізмам, на прадпрыемстве спынілі вытворчасць спірту, пачалі вырабляць канцэнтрат кваснага сусла.

Не менш складанымі былі 1993-і, 1994-ы. У гэты час разбурыліся сувязі з Расіяй, галоўнымі рынкамі збыту спірту – Масквой і Ленінгра­дам. Страціліся і пастаянныя пастаўшчыкі сыравіны: бульбу ў калгасах і саўгасах пачалі вы­рошчваць на значна меншых плошчах і пераважна для сваіх патрэб.У гэтыя гады прадпры­емства часта прастойвала.

Толькі ў 1995 годзе адладзіліся гэтыя пытанні ў жыцці завода. Вялікім дасягненнем у гэты год быў увод у дзеянне брагарэктыфікацыйнага цэха. Збыт чыстага спірту значна палепшыўся, якасць яго адпа­вядала марцы «Люкс». Прад­прыемства па эканамічных па­казчыках выйшла на першае месца ў раёне.

Праз два гады былі здадзе­ны ў эксплуатацыю брадзіль­ны цэх прадукцыйнасцю 1500 далаў у суткі, а таксама праведзена рэканструкцыя дапа­можных цэхаў завода з пера­ходам на эканамічнае паліва.

Далей праводзілася работа па частковай і поўнай аўтама­тызацыі вытворчых працэсаў. Акрамя спірту, на заводзе на­ладжаны выпуск жытняга фер­ментаванага і неферментава­нага соладу для хлебапячэння, вытворчасць вадкасці, шклоа­мывальнай, незамярзальнай, у 2020-м — сродку дэзынфіцы­руючага «75PRO», ПЭТ-тары. Два гады назад была правед­зена мадэрнізацыя брагарэк­тыфікацыйнай устаноўкі па павелічэнні вытворчай ма­гутнасці з адначасовым вы­пускам жытняга збожжавага дыстыляту. У гэтым годзе завершана перааснашчэнне варачнага аддзялення з аўта­матызацыяй тэхналагічнага працэсу, а таксама мадэрніза­цыя кацельнага агрэгата.

У 2016 г. завод пераўтво­раны ў ААТ «Чысты выток 1872». Якасць гатовай прадук­цыі пацвярджаецца штогадо­вымі ўзнагародамі на міжна­родных конкурсах, таварыства ў 2019 г. занесена на Дошку гонару Віцебскай вобласці.

Ірына Салаўёва