Даведайцеся, як на Чашніччыне прайшла акцыя «Шляхамі спаленых вёсак»

Чашніччына… Зямля лясоў і лугоў, азёраў і рэк. Зямля нашых дзядоў і прадзедаў. Нямала пакутавала яна за  шматвекавую гісторыю. Але самы страшны след пакінула Вялікая Айчынная вайна. Цяпер, як памяць сэрца, як нямыя сведкі,  як напамін аб тых страшных днях на тэрыторыі раёна стаяць помнікі, абеліскі, знаходзяцца брацкія магілы…

На мінулым тыдні сектар нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва пад кіраўніцтвам Алены Балабошкі ў рамках акцыі «Шляхамі спаленых вёсак» арганізаваў урачыстыя мерапрыемствы ля помнікаў і абеліскаў у вёсках Асташова, Пачаевічы, Луцік, Вішанькі. Вядучыя яшчэ раз узнавілі ў памяці падзеі, якія адбываліся ў гэтых мясцінах.
У в. Луцік у 1969 годзе з’явілася брацкая магіла савецкім воінам і партызанам. У ёй пахаваны 16 байцоў, з іх 6 – невядомых.

У брацкай магіле ў в. Пачаевічы захаронена 30 воінаў і партызан, загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны. Гэты абеліск – помнік з фігурай салдата-вызваліцеля. Ля падножжа змешчана мемарыяльная дошка, на якой высечаны імёна загінуўшых.
Без хвалявання нельга было слухаць аповед вядучых аб расправе фашыстаў над мірнымі жыхарамі вёскі Асташова. Азвярэлая зграя ўва-рвалася ў населены пункт, каб знайсці народных мсціўцаў і тых, хто ім дапамагае. Але сярод вяскоўцаў не знайшлося здраднікаў. Тады карнікі сагналі людзей у адну хату і падпалілі. Жыццё 22 чалавек абарвалася ў полымі…

Апошняя сустрэча адбылася ў Вішаньках – кроўнай сястры Хатыні. 114 чалавек, расказваюць удзельнікі акцыі,прынялі тут жахлівую смерць. Не трэба шмат слоў, каб зразумець усю боль і пакуты, якія выпалі на няшчасную долю гэтых людзей. Многія байцы, вяртаючыся дадому, марылі аб сустрэчы з сям’ёй. Ніхто і падумаць не мог, што, ідучы на фронт, яны бачылі ў апошні раз сваіх родных і блізкіх. Цяпер тут мемарыяльны комплекс як памяць аб чалавечых ахвярах.
Ля кожнага памятнага месца гучалі вершы, песні ваенных часоў. Хвіліна маўчання і абяцанне – не забываць, шанаваць сваю гісторыю. І ў знак памяці ўдзельнікі разам з мясцовымі жыхарамі і моладдзю пасадзілі ля помнікаў кветкі, спадзяючыся, што гэта акцыя знойдзе водгук у маладых і яны будуць перадаваць гэту традыцыю пакаленням.

Для нас вайна не проста гісторыя, а памяць… Аб гэтым нам кажуць помнікі. І мы, пакаленні, якія не ведалі жахаў і страхаў той вайны, павінны годна працягваць традыцыі бацькоў і дзядоў, памнажаць багацце роднай зямлі, берагчы Бацькаўшчыну.

 

Ірына САЛАЎЁВА.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *