Остатки былого величия: дворец Володковичей в Иванске

У рамках праекта «Бацькаўшчына» мы працягваем расказваць вам пра знакавыя мясціны нашага раёна і сёння знаёмім з гісторыяй Іванскага палаца, своеасаблівым культурна- гістарычным цэнтрам Чашніччыны таго перыяду.

З канца XVIII ст. Іванск і нава­кольныя вёскі набыў крайчы Менскага ваяводства Тадэ­вуш Валадковіч. З гэтага часу і да Кастрычніцкай рэвалю­цыі Чашніччына стала месцам пастаяннага пражывання ад­ной з галін гэтага роду, прад­стаўнікі якой сваёй рэзідэн­цыяй зрабілі вышэйназваную вёску.

Як паведаміў нам кіраўнік гісторыка-краязнаўчага музея ДУА «Іванская ДССШ Чаш­ніцкага раёна» Віктар Віль­гельмавіч Грыбко, на мяжы XVIII-XIX ст. Валадковічы пабудавалі ў Іванску аднапа­вярховы асабняк. Ён меў план моцна выцягнутага прамаву­гольніка і стаяў на высокіх пад­вальных памяшканнях з ква­дратнымі вокнамі. На фасадзе будынка выдзяляліся два ідэн­тычныя порцікі, кожны з якіх складаўся з чатырох калон. Крайнія з іх праз сценку злу­чаліся з фасадам. Порцікі за­вяршаліся трохкутнымі фран­тонамі з невялікімі акенцамі. Сціплыя сцены ўпрыгожвалі вялікія вокны, падзеленыя на восем квадратных частак. Гмах быў пакрыты гладкім двух­скатным гонтавым дахам. У гэтым будынку Валадковічы жылі да канца XIX ст.

Далей яны побач са старым узвялі новы, вялікі двухпавяр­ховы асабняк без стылю, ума­цаваны па кутках падпоркамі. Унутраная прастора будынка нагадвала манастыр. Новы асабняк узводзіўся галоўным чынам дзеля размяшчэння там калекцый і сямейных рэ­ліквій. Іх збіралі некалькі пака­ленняў, а найбольш – апошні ўладальнік Іванска Вінцэнт Валадковіч. Вялікая, падобная на трапезную, сталовая зала новага палаца была завешана сямейнымі партрэтамі. Сярод карцін, маляваных дамарос­лымі мастакамі, трапляліся і каштоўныя творы. Адна зала з прыстаўленымі да сцен ду­бовымі шафамі, сягаючымі да столі, прызначалася для бібліятэкі і сямейнага архіва. Своеасаблівай скарбніцай было месца, дзе захоўвалі га­лоўным чынам старое серабро (гербавыя падносы, кошы­кі тонкай карункавай рабо­ты, падсвечнікі). На сценах вісела старажытная зброя, у тым ліку шаблі, аздобленыя срэбрам і золатам, упрыгожа­ныя рубінамі і іншымі каштоў­нымі камянямі. У памяшканні размяшчаліся старасвецкі ку­фар, калекцыі слуцкіх паясоў, усходніх кілімаў, посуду, пры­везенага з Францыі.

Адну з залаў прызначылі для зброі, сабранай пасля бітваў уладальнікамі маёнтка. На жаль, далейшы лёс архіва, бібліятэкі, музейных экспана­таў і іншага багацця пасля Ка­стрычніцкай рэвалюцыі невя­домы.

Побач з палацам быў пабу­даваны флігель, дзе жыла аб­слуга і размяшчалася сталовая зала для работнікаў, якія пра­цавалі ў Валадковічаў. Флігель гэты таксама быў двухпавяр­ховы. Жыхары Іванска жылі ў ім да пачатку 70-х гадоў XX ст., потым перасяліліся ў новыя дамы, пабудаваныя калгасам.

Палац быў акружаны вялікім пейзажным паркам з газонамі, клумбамі кветак, ліпавымі алеямі і аранжарэяй, у якой разводзіліся «заморскія кветкі». Пасярод парка была альтанка, акружаная соснамі, дарожкі пасыпаны бітай цэглай чырвонага колеру. Шмат дрэў рознай пароды. А на ўскрай­ку парка, ля штучнай сажалкі, стаяла капліца. Побач з паркам знаходзіўся вялікі іпадром, на якім трэніравалі панскіх ры­сакоў. Насупраць палаца былі гаспадарчыя пабудовы: стайні, хлявы, гумно, кузня, лядоўня. Непадалеку размяшчаўся спірт­завод.

На жаль, да нашых дзён ад былога дагледжанага і ма­ляўнічага палацава-паркавага ансамбля захаваўся толькі флі­гель, які паступова разбураец­ца, і парк, які зарастае і губляе сваё першапачатковае аблічча.

Ірына САЛАЎЁВА