У Чашніцкім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці адбыліся заняткі школы фалькларыстаў Віцебскай вобласці

«А вось як было ў нас на Русальным тыдні, пасля Сёмухі: дзеўкі ў русалак гулялі – пераапрануцца, валасы ўскал­мацяць і пахаваюцца ў жыце. Як міма хлопцы з дзяўчатамі ідуць, так тыя ру­салкі з поля павыскокваюць, ды давай хлопцаў казытаць. Тыя крычаць: «Да­памажыце, русалка задушыць!». Мы ведалі, што русалкі несапраўдныя, але ўсе роўна страшна было», – прыво- дзіць успаміны бабулі з Міёршчыны загадчыца сектара этналінгвістыкі і фальклору Цэнтра даследаванняў бе­ларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Алена Баганёва.

Яны настолькі каштоўныя, на­колькі рэдкай становіцца сёння сама гэтая традыцыя, у якой не проста вытокі культуры, але і духоўны код, крыніца самабытнасці і сілы народа. На шчасце, і ў нашыя дні застаюцца тыя, для каго народная творчасць не паданні далёкай даўніны, а прадмет увасаблення сучасных яркіх ідэй. Такія людзі, кіраўнікі фальклорных калектываў і метадысты па фалькло­ры з усяго Прыдзвіння, сабраліся ў Чашніцкім цэнтры культуры.

– Падобныя сустрэчы праводзяц­ца абласным метадычным цэнтрам на сталай аснове. Важна не проста добра вывучыць абрад, але захаваць яго, даць другое жыццё, – адзначае на­чальнік аддзела традыцыйнай культу­ры Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Лілія Рэз­кіна.

 

Падставай правесці школу ў Чаш­ніцкім раёне стала знаёмства з народ­ным абрадам, які традыцыйна пра­ходзіць на першым тыдні Пятроўскага паста. «Розгары» уключаны ў Дзяр­жаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей і ўжо сталі візітнай карткай Лукомльскага сельскага дома культуры, аб чым пісала раней наша газета.

У рамках праграмы мерапрыем­ства ўсе прысутныя змаглі не толькі паглядзець на абрадавыя дзеі, але і стаць іх непасрэднымі ўдзельнікамі. А яшчэ развучыць і праспяваць ку­пальскія песні, даведацца пра апісанні  традыцый Паазер’я, а таксама згуля­ць (менавіта так кажуць пра гэты та­нец) бойкую «Ходцаўскую кадрылю», прадстаўленую для гасцей калектывам «Крывія» Сененскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.

Атмасферай народнага свята агар­нуў дакументальны фільм «Купалле на Полаччыне», зняты экспедыцыяй пры ўдзеле бабуль, асобныя з якіх нара- дзіліся ў канцы 19-га стагоддзя. Ка­ментарыі непасрэднага ўдзельніка той экспедыцыі, супрацоўніка НАН Беларусі Алены Баганёвай, жывыя, з гумарам і сумам адначасова, зра­білі магчымым параўнаць сучасны мастацкі фальклор з народнай трады­цыяй, якая, дарэчы, усюды мае свае адметнасці.

Напрыклад, на сяле яшчэ і цяпер на Купалле прынята «рабіць бясчын­ствы»: камусьці дзверы падапруць, калёсы перакацяць з месца на месца.

А вось у вёсках Полаччыны Купаль­скай ноччу маглі выкласці кастрыцай дарогу ад парога да парога хат, дзе жылі мужчына і жанчына, меўшыя любоўную сувязь.

І, канешне, паўсюдна прыкметай жывой народнай традыцыі з’яўля­юцца абрадавыя песні. Менавіта тыя, што вывучылі ўдзельнікі школы фалькларыстаў. У цэлым аўтэнтыч­нымі былі не толькі песні і танцы, але і сама гутарка, поўная атмасферы ўспамінаў аб мінулым Беларусі, тра­дыцыях, якія, на шчасце, не паміра­юць, а жывуць у нашчадках. Лішнім доказам чаму стаў яркі народны та­нец у выкананні маладых удзельнікаў фальклорнага калектыву з суседняга Сянно.