
Новалукамчанін Ігар Талстой на ўласныя сродкі добраўпарадкаваў вясковы калодзеж, размешчаны на вуліцы, непадалёк ад бацькоўскага дома. Па прапанове старшыні сельвыканкама мы паразмаўлялі з жыхаром горада энергетыкаў непасрэдна ў вёсцы Касмыры, Іванскага сельсавета, абмеркаваўшы ініцыятыву і далейшыя сельскія планы гараджаніна.
Як адзначае кіраўнік мясцовай улады Людміла Марозава, Ігар Міхайлавіч – актыўны і неабыякавы чалавек, які паказвае выдатны прыклад таго, што без гучных прамоў можна зрабіць лепшым і камфортнейшым жыццё вакол сябе. У яго шмат ініцыятыў і перспектыўных праектаў, звязаных не толькі з Касмырамі, але і з Сяльцом. Нягледзячы на тое, што сам адрамантаванай крыніцай водазабеспячэння амаль не карыстаецца, ён паклапаціўся аб тым, каб чыстая вада была даступная іншым.
Прыбыўшы на месца амаль адразу знаходзім дагледжаны вясковы дом, абнесены агароджай участак і тую самую студню з процілеглага боку вуліцы. Неўзабаве пад’язджае і мой суразмоўца, распачынаем бяседу. Паказваючы вынік сваёй працы, мужчына заўважае, што нічога асаблівага, годнага асобнага аповеду, ён не зрабіў:
– З цягам часу крыху разбурылася частка калодзежа. Каб давесці ўсё да ладу спатрэбіліся цэмент, пясок, фарба і лак. Ды яшчэ тры дні працы. Цяпер усё знадворку пафарбавана, зверху маецца вечка, але ў планах уладкаваць побач падстаўку, замяніць вядро, зрабіць паўнавартасны дах. Гэта часцінка майго маленства, і вельмі не хочацца, каб роднае месца прыходзіла ў запусценне.
Калодзежам карысталіся яшчэ яго бацькі, смак вады адсюль ён памятае ўсё жыццё, і дзе б ні даводзілася бываць, менавіта бацькоўская хата і студня насупраць застаюцца для мужчыны месцам сілы, надаюць жаданне ствараць. Натхняе яго і магчымасць зрабіць людзям дабро.
Дастаючы, пад рыпанне «жураўля», ваду, жыхарка вёскі Фёкла Пятрашка ўдзячная земляку за тое, што падараваў другое жыццё старой студні. Жанчына расказвае, што Ігар не забывае бацькоўскі дом, даглядае сядзібу, дзякуючы такім як ён, захоўваецца жыццё на вёсцы.
Два гады, як апусцела хата бацькоў Ігара Міхайлавіча, ён сам ужо даўно жыве ў горадзе, але планы на будучыню звязаны з вёскай. Спецыяльна набыў дом у Сяльцы, за пяць кіламетраў ад родных Касмыроў, а з выхадам на пенсію хоча поўнасцю прысвяціць жыццё любімай справе – працы з драўнінай і лазой. Пакуль што гэта толькі захапленне, але на дзялянцы каля бацькоўскага дома ўжо падрастае, прызначаная для пляцення вырабаў, амерыканская сартавая вярба.
Ігар Талстой родам з сяла, сюды ён вяртаецца зноў і зноў, імкнучыся захаваць блізкія сэрцу мясціны, зрабіць іх утульней і прыгажэй, бо Радзіма – крыніца сіл для кожнага з нас, а добрыя справы – лепшая праява кахання, незалежна ад яго аб’екта.
Андрей ШИДЛОВСКИЙ