Дрэнныя дарогі, праблемы з вадой шэраг гэты можна працягваць бясконца. Да каго звярнуцца з такімі пытаннямі на вёсцы, вядома, – да старэйшыны. Менавіта гэты чалавек заўсёды лічыўся прадстаўніком мясцовай улады. Быць абыякавым, нячуйным да людскіх праблем яму недазваляльна. Як кажуць, пасада абавязвае.
Такім і з’яўляецца старэйшына вёскі Варкі Мікалай Кірылавіч Гайко. Чашніцкая зямля яму родная, толькі памяняў вёскі: нарадзіўся ў Кашчына, але воляй лёсу трапіў у Варкі, дзе і жыве ўжо больш за пяцьдзясят год.
–Тут і сям’ю стварыў: больш за паўвека пражылі з жонкай душа ў душу, але цяжкая хвароба разлучыла, – з сумам адзначыў Мікалай Кірылавіч. – Двух дзяцей у свет вывелі. Дзякуй богу, не забываюць бацькоўскі парог. Дапамагаюць, агарод ім перадаў, мне самому цяжка спраўляцца. У свой час адвучыўся на шафера, і ўсядалейшая працоўная дзейнасць была звязана з гэтай прафесіяй: пяць год вадзіцелем у райвы канкаме, потым у аўтабазе ад«Аблспажыў саюза», адкуль і пайшоў на заслужаны ад пачынак.
Вось ужо больш за дваццаць год звяртаюцца да яго аднавяскоўцы са сваімі праблемамі, і ён ніводнай не пакідае без увагі. На пытанне, якімі праблемамі прыходзілася займацца, старэйшына адзначае:
– Рознымі. Не было ў нашай вёсцы свайго месца пахавання, прыйшлося звяртацца неаднаразова, і агульнымі намаганнямі з мясцовай уладай было выдзелена месца пад могілкі ў пачатку Варкоў. Можа камусьці падасца дзіўным, скажуць, што трэба вырашаць праблемы жывых, але ж, ведаеце, на сяле засталіся пераважна людзі сталага ўзросту і кожны хоча быць пахаваны ля роднай вёскі.
Безумоўна, праблемы жывых на першым месцы. Немалы ўклад унёс старэйшына ў добраўпарадкаванне вясковай тэрыторыі. Непасрэдна па яго настойлівых зваротах быў прыведзены да ладу ўчастак дарогі, што вядзе да чыгуначнага вакзала. Цяпер без праблем можна дабрацца да цягніка і ў цемны час сутак.
– Існуе даўняя праблема з вадой: няма цэнтральнай лініі, разумею, што патрэбны вялікія сродкі. Кожны падворак сваімі сіламі спраўляецца, як можа: хто падтрымлівае даўнія калодзежы, а каму дазваляюць сродкі, прабурылі і ўстанавілі калонку. Выйсце знаходзім.
Мікалай Кірылавіч адзначыў, што ў сілу ўзросту ўжо не так проста выконваць свае абавязкі, але старшыня сельвыканкама Мікалай Ярох заўжды садзейнічае вырашэнню праблемных пытанняў.
– Агульнымі намаганнямі спраўляемся, – кажа старэйшына вёскі пад канец размовы. – Адзінае хочацца, каб не забываліся пра вяскоўцаў, ствараліся, па магчымасці, камфортныя ўмовы для іх жыццядзейнасці.
Вось такі ён старэйшына вёскі Варкі – чалавек неабыякавы, нястомны ў вырашэнні праблем. А пакуль ёсць такія людзі ў сельскай мясцовасці, вёска будзе жыць.
Валянціна ПРЫШЧЭПАВА