Протоиерей Владимир Коледа рассказал, что можно и нельзя делать в Сретение Господне

Сёння праваслаўныя вернікі адзначаюць Стрэчанне ці ў народзе больш вядомая назва Грамніцы. Мы вырашылі звярнуцца да благачыннага цэркваў Чашніцкага раёна пратаіерэя Уладзіміра Каляды і даведацца пра гісторыю свята, а таксама прыгадаць прыкметы ды правілы паводзін у гэты дзень.
— Назва Стрэчанне (Сретение па-руску) паходзіць ад слова сустрэча, — распавёў айцец Уладзімір. — Паводле Бібліі (Стары Запавет), старцу Сімяону з Іерусаліма, які вельмі хацеў пабачыць на свае вочы Месію, было прадказана Святым Духам, што ён не памрэ, не ўбачыўшы Збавіцеля. Так і сталася. Старац прыйшоў у храм якраз тады, калі Марыя і Іосіф прынеслі сюды дзіця на саракавы дзень ад яго нараджэння, і такім чынам сустрэўся з ім. Менавіта з гэтага часу бярэ пачатак звычай прынясення первенцаў-хлопчыкаў у храм, каб яны былі далучаны да ліку вернікаў. Становіцца зразумелай сутнасць назвы Стрэчанне — сустрэча Бога і чалавека.
Па словах святара, другая назва Грамніцы захавалася яшчэ з даўніх часоў. Мяркуюць, што назва пайшла ад бога Грамаўніка (Перуна). Сімвалам свята была спецыяльная свечка, якую так і назвалі — грамнічная. Асвечаная ў царкве яна набыла ахоўную ролю. Традыцыя асвячэння свечак існуе дзеля таго, каб абараніць сябе і ўсіх членаў сям’і ад чарадзейства, сурокаў і хвароб.
— Грамнічную свечку выкарыстоўвалі на працягу ўсяго года. Найбольш моцным абярэгам грамнічную свечку лічылі ў час летняй навальніцы. Пры яе набліжэнні гаспадыня запальвала грамніцу і ставіла на падаконнік, — працягвае святар. — Яна суправаджала абрады засявання і зажынак. Яе бралі з сабой, калі ішлі сватаць дзяўчыну. Грамнічная свечка, загорнутая ў кавалак даматканага палатна, ляжала на стале перад маладымі побач з хлебам-соллю, якімі бацькі сустракалі пару пасля вянчання. Калі ж на працягу года свечка выкарыстоўвалася радзей і заставалася вялікая яе частка, то яна дапальвалася ў святыя вечары на Каляды або непасрэдна перад Грамніцамі.
У народным асяроддзі свята Стрэчанне ўспрымацца як сустрэча зімы з вясною. Па стане надвор’я на Стрэчанне прадказвалі характар надыходзячых вясны і лета. Якое надвор’е на Грамніцы, такая і вясна. Калі вялікі мароз, то лічылася, што снег паляжыць нядоўга, а лета будзе пагоднае і сухое. Мяцеліца на Стрэчанне прадказвала доўгую вясну, а значыць — недахоп корму для жывёлы. Са Стрэчання пачыналі ўжо рыхтавацца да вясны. Па сённяшніх прагнозах вясны ранняй не прадбачыцца, але ж пажывём — пабачым. Галоўнае жыць у згодзе з мірам, быць у ладзе з самім сабой, а якое надвор’е за вокнамі не істотна.
Валянціна ПРЫШЧЭПАВА