27.03.2025
Общество

Вспоминаем юношей и девушек, которые наравне со взрослыми сражались за мирное небо

  • 8 февраля, 2025
  • 1 min read
Вспоминаем юношей и девушек, которые наравне со взрослыми сражались за мирное небо
Юная патрыётка Унуковіч (справа) была расстраляна, калі ёй толькі споўнілася 15 гадоў

Штогод у пачатку лютага адзначаецца Дзень памяці юнага героя-антыфашыста і Міжнародны дзень дзяцей-салдат. Гэта своеасаблівая даніна тым, хто загінуў, яшчэ па сапраўднаму непабачыўшы жыцця, з цвёрдай дзіцячай упэўненасцю, што ворага трэба знічтажаць, нават нешкадуючы ўласнага жыцця.

Па звестках, якія захаваліся з часоў ВАВ, супраць фашыстаў на тэрыторыі тагачаснага СССР ваявала каля 300 тысяч падлеткаў, каля 50 тысяч загінула. Але на жаль, дакладнай колькасці герояў мы не зведаем ужо. Піянеры – Героі Савецкага Саюза: Лёня Голікаў, Марат Казей, Зіна Партнова, Валя Коцік – іх імёны ведае кожны школьнік. Не менш гераічныя гісторыі ёсць у беларусаў. Хочацца ўзгадаць юных змагароў – тых, хто загінуў за нашу Чашніччыну.

У першую чаргу трэба назваць Валю Махрову, якую з удзячнасцю ўспамінаюць жыхары вёскі Чарэя. Дзяўчынка-сірата выхоўвалася ў мясцовым дзіцячым доме. Калі дырэктар і выхавальнікі былі мабілізаваны на фронт, яна, пятнаццацігадовая, засталася глядзець за дзецьмі, бо іх не паспелі эвакуіраваць. Было цяжка: на яе плечы лёг клопат, як пракарміць. Аднойчы яна знайшла параненага чырвонаармейца, вельмі рызыкуючы, бо ў вёсцы стаялі немцы, з цяжкасцю схавала яго на гарышчы дзетдома. Акрамя харчавання патрэбны былі медыкаменты. Удалося наладзіць сувязь з партызанамі, для якіх Валя разам са старэйшымі хлапчукамі з дзетдома збірала зброю, патроны, важную інфармацыю. Калі пачаліся нападзенні, засады, фашысты ўстрывожыліся, узмацнілі ахову. Юную змагарку затрымаў патруль, але на першы раз усё абышлося. Вось калі яна ў другі раз накіравалася за медыкаментамі для параненых, усё скончылася трагічна. Яе затрымалі падчас аблавы ў дзіцячым доме, у фашыстаў ужо былі яе каардынаты – ведалі, што яна сувязная. Выпытвалі звесткі аб размяшчэнні атрада, колькасці, зброі. Не дачакаўшыся адказу, катавалі так, што дзяўчына траціла прытомнасць. Гэта доўжылася некалькі сутак. Азвярэлыя карнікі расстралялі пятнаццацігадовую змагарку.

У памяць аб гераічная дзяўчыне Валі Махровай дзеці з дзіцячага дома склалі песню

Не менш трагічны лёс яшчэ аднаго героя з Чарэі Мікалая Грыня, які быў разведчыкам партызанскага атрада «За Радзіму» і загінуў у няроўным баі. Па тым, як у хлопца былі выкручаны рукі, было зразумела, што схапілі яшчэ жывога і здзекваліся, каб даведацца пра атрад. Але 14-гадовы Мікалай загінуў як герой.

Юнай патрыёткай застанецца ў памяці сучаснікаў Тамара Унуковіч з Запружан. Яна дапамагала партызанам, наладзіўшы сувязь з брыгадай «Дубава». Па іх заданні перадавала ў нямецкі гарнізонзводкі Саўінформбюро, лістоўкі, праводзіла савецкіх людзей з нямецкага гарнізона ў партызаны, збірала звесткі аб праціўніку, агнявых кропках. Пры выкананні яе арыштавалі, доўга дапытвалі, катавалі, але яна нікога не выдала. У хуткім часе Тамару расстралялі на беразе Улы. Пятнаццацігадовая змагарка не дажыла да вызвалення раёна ўсяго пяць месяцаў.

Шмат зрабіў для набліжэння Перамогі камсамолец Алік Церашкоў – сын глаўурача Чашніцкай бальніцы. З прыходам фашыстаў ён стаў народным мсціўцам. Добра запомнілася першамайская раніца 1942 года жыхарам вуліцы Смалянецкай (зараз Ленінская). Ён ля дома бургамістра прымацаваў да слупа чырвоны сцяг. Ранкам фашыст, ўбачыўшы гэта, кінуўся здымаць. Якраз у гэты момант прагучаў моцны выбух, ад якога загінуў карнік. Такія «падарункі» юны змагар прыпадносіў фашыстам не аднойчы. На жаль, ён не дажыў да вызвалення, загінуўшы пры мініраванні чыгункі, але назаўжды застанецца ў памяці тых, для каго здабываў Перамогу.

Вайна абарвала планы Аліка Церашкова на далейшую вучобу

Мы прыгадалі найбольш вядомыя імёны юных герояў-антыфашыстаў, вызваляўшых чашніцкую зямлю ад страшэннай навалы. Ведаем, што шмат іх, зусім юных, загінула безыменнымі. Лёс кожнага такога маленькага салдата ўнікальны. Яны гінулі, прападалі без звестак, цаной сваіх жыццяў выратоўвалі таварышаў. Цяпер з’явілася шмат прыдуманых герояў, якія ратуюць свет. Вельмі хочацца, каб рэальныя героі, аднагодкі тых, што з захапленнем чытаюць зараз кнігі ў стылі фэнтэзі, не былі забытыя. Бо іх жыццё, іх лёсы, трагічныя і гераічныя адначасова, куды цікавей, чым у большасці сучасных кніжных герояў.



Валянціна ПРЫШЧЭПАВА

Поделиться в: