Соль зямлі Чашніцкай – людзі, якія ўнеслі значны ўклад у яе развіццё, праславілі сваімі годнымі справамі. Напярэдадні Дня роднай мовы асабліва хочацца ўзгадаць імя вядомай мовазнаўцы – ураджэнкі Чашніччыны, Юзэфы Фларыянаўны Мацкевіч. Для яе паглыбленае даследванне роднай мовы ў галіне дыялекталогіі стала справай жыцця. Нарадзілася яна 27 ліпеня 1911 года ў вёсачцы Ухлё зараз Альшанскага сельсавета Чашніцкага раёна, а тады тэрытарыяльна яна адносілася да Лепельскага ўезда Віцебскай губерні.
У непаўналетнім узросце дзяўчынка засталася сіратой. На выхаванне яе забраў старэйшы брат Казімір, які ў той час жыў у Шклове і працаваў на папяровай фабрыцы «Спартак». Тут яна паспяхова скончыла сямігодку і паступіла ў Магілёўскі педагагічны тэхнікум. Скончыўшы вучобу, выйшла замуж і настаўнічала два гады ў вёсцы Гулькі Клімавіцкага раёна.
Маладую настаўніцу вылучала непатольная прага даведаў. Яна вырашае працягваць вучобу: паступае ў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут на факультэт мовы і літаратуры. Старанную і здольную да навуковых даследванняў студэнтку заўважылі. Пасля вучобыва ўніверсітэце ў 1938 годзе, па рэкамендацыі вядомага лінгвіста К. Гурскага Юзэфа Мацкевіч паступіла ў аспірантуру. Менавіта з гэтага часу пачала займацца грунтоўным даследваннем беларускай мовы. Пад кіраўніцтвам прафесара Я. Істрынай з Ленінграда яна спецыялізавалася па гісторыі беларускай мовы. У другой палове чэрвеня 1941 года паехала ў Ленінград, каб пракансультавацца наконт сваёй работы. Менавіта тут яе заспела вестка пра пачатак вайны. На гэты час у яе былі дзве маленькія дачкі, якія заставаліся з роднымі ў Беларусі. Вайна ўсіх раскідала. Аднаго факту, што трыццацігадовая маладая жанчына ў адначассе ссівела, дастаткова, каб уявіць, што ёй прыйшлося перажыць падчас пакутлівага пошуку сваіх дзяцей. Але ўсё абышлося. Варта адзначыць, што, як сапраўдная патрыётка, не засталася ўбаку ад агульнанароднай барацьбы – яна стала сувязной партызанскай брыгады «Смерць фашызму» і Мінскай падпольнай партарганізацыі.
Пасля вайны Юзэфа Фларыянаўна вярнулася ў разбураны Мінск. У гэты час навукова-даследчыя ўстановы пачалі аднаўляць сваю дзейнасць. Калі Міхась Лынькоў, тагачасны дырэктар Інстытута мовы, літаратуры і мастацтва АН БССР запрасіў на работу, яна не раздумваючы згадзілася. Паколькі кадраў не хапала, сумяшчала навуковую работу ў акадэміі і выкладала беларускую мову ў педінстытуце. Тэрміновай задачай для беларускіх лінгвістаў пасляваеннага часу было ўкладанне «Руска-беларускага слоўніка». Для гэтага была створана рабочая група на чале з Пятром Глебкам, у якую ўвайшла і наша зямлячка. Адначасова яна завяршала перапыненую вайной дысертацыю «Літоўскі Статут 1529 года як помнік беларускай літаратурнай мовы XV – пачатку XVI стагоддзяў», якую паспяхова абараніла ў 1946 годзе.
Але сапраўдным прызваннем, можна сказаць, справай жыцця для Юзэфы Фларыянаўны стала работа ў галіне дыялекталагічных даследванняў. Першачарговай задачай было стварэнне «Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы» (ДАБМ). Мовазнаўца ўключылася ў гэту работу з характэрнай для яе самаадданасцю і працаздольнасцю. Прымала актыўны ўдзел у арганізацыі работы над праектам. У 1950 годзе ўзначаліла сектар дыялекталогіі, фактычна кіравала ўсімі даследваннямі ў гэтай галіне. Яна не шкадавала ні сіл, ні часу, удзельнічалава ўсіх работах па збіранні і даследванні матэрыялу. Ажыццяўляла кіраўніцтва сумесна з членам-карэспандэнтам АН СССР Р. Аванесавым і акадэмікам АН БССР К. Атраховічам – вядомым многім пісьменнікам Кандратам Крапівой. Вынікам сумеснай працы стала капітальная праца «Дыялектычны атлас беларускай мовы» – адна з буйнейшых прац у галіне мовазнаўства ў пасляваенны час.
Арганічным працягам стала калектыўная работа айчынных дыялектолагаў «Лінгвістычная геаграфія і групоўка гаворак беларускай мовы». За комплекс прац Юзэфе Мацкевіч у складзе аўтарскага калектыву ў 1971 годзе была прызначана Дзяржаўная прэмія СССР.
Нягледзячы на вялікую занятасць даследваннямі, мовазнаўцам разам з калегамі падрыхтавала грунтоўныя дапаможнікі па дыялекталогіі. Акрамя таго яна напісала каля 120 змястоўных публікацый.
Як буйнейшы і вядомы спецыяліст па беларускай дыялекталогіі, аўтар шматлікіх і грунтоўных прац Юзэфа Мацкевіч першай з супрацоўнікаў Інстытута мовазнаўства ў пасляваенны час была абрана членам-карэспандэнтам Акадэміі навук БССР. Ёй прысвоена ганаровае званне заслужанага дзеяча навукі БССР. Яе талент і кіруючая роля пры стварэнні пяцітомнага выдання «Дыялектычнага атласа беларускай мовы» былі высока адзначаны на дзяржаўным узроўні шматлікімі ўзнагародамі. Толькі ў 1991 годзе яна пакінула актыўную навуковую дзейнасць, пайшоўшы на заслужаны адпачынак. Але пастаянна была на сувязі са сваімі калегамі, цікавілася іх поспехамі, дапамагала. Не стала вядомай мовазнаўцы 24 лістапада 2003 года. Але дзякуючы сваім навуковым працам, якія не страчваюць сваёй актуальнасці, яна назаўжды застанецца ў памяці ўдзячных нашчадкаў.
Валянціна ПРЫШЧЭПАВА.
Фота з адкрытых крыніц
В Комитете государственного контроля Витебской области на постоянном контроле вопросы обеспечения комфортной и благоприятной среды…
Колос (Завадская) Мария Тимофеевна родилась 28 февраля 1918 года в местечке Коханово Оршанского уезда Могилевской…
Спасатели МЧС на 100 процентов убеждены, безопасность начинается с самого детства! Поэтому на постоянной основе…
На государственной границе между белорусской и польской сторонами прошла операция по обмену задержанными лицами по…
Ежегодно работники МЧС среди основных причин возгораний в природных экосистемах выделяют неосторожное обращение с огнём…
Помните о безопасности на мероприятиях с массовым пребыванием людей Сегодня, а особенно в мегаполисах, люди…