12.05.2025
Общество

Жителей Чашникского района поздравляют с праздником Пасхи

  • 20 апреля, 2025
  • 1 min read
Жителей Чашникского района поздравляют с праздником Пасхи

Паважаныя браты і сёстры ў Хрысце, людзі добрай волі!

«Калі ж вы ўваскрэслі з Хрыстом, шукайце таго, што ў вышынях…»

Хрысціянскі свет адзначае сваё найбольшае Свята – Уваскрасенне Езуса Хрыста. Паводле сведчання апосталаў, гэтая падзея стала фактам, якому нельга было запярэчыць і які ў іх жыцці стаў па-сапраўднаму зваротным момантам. Змяніўшы бег гісторыі народаў і цэлых кантынентаў, праўда пра Уваскрослага Божага Сына дайшла да нашых дзён і надалей з’яўляецца крыніцай надзеі і моцнага пераканання ў магчымасці перамогі жыцця над смерцю, дабра над злом, праўды над падманам, вернасці і адданасці над абыякавасцю і маладушнасцю.

Свята Уваскрасення Хрыста вучыць нас, што гэтая перамога можа і павінна здзейсніцца перадусім у душы, у сэрцы чалавека. Там, дзе свой пачатак бярэ грэх, там таксама шчодра разліваецца і Божая ласка (пар. Рым 5, 20). Уваскрэснуць з Хрыстом – азначае прыслухацца да Ягонага Слова і прыняць Яго ўсім сваім сэрцам.

Сёлета наша грамадства святкуе 80-годдзе Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Над той «карычневай чумой» ХХ стагоддзя, якая знішчыла дзясяткі мільёнаў людскіх жыццяў. Бесчалавечнасць Другой сусветнай вайны, зрэшты, як і кожнай іншай, вынікае з непрыняцця або памылковага разумення праўды пра чалавека як істоты створанай на Божы вобраз і падабенства, з чаго паходзіць яго годнасць і каштоўнасць яго жыцця. Бо, як кажа Святое Пісанне, «у Ім было жыццё, і жыццё было святлом людзей» (Ян 1,4), а таксама, «каб мы паверылі, што Езус – гэта Хрыстус, Сын Божы, і каб, веруючы, вы мелі жыццё ў імя Ягонае» (Ян 20,31). Жыццё, якое Ён выслужыў нам праз пакутніцкую смерць ка крыжы і ўваскрасенне. Таму вяртанне духоўнасці і маралі ў жыццё чалавека, як асабістае так і грамадскае, — неабходная ўмова выключэння такіх трагедый у будучым.

Уваскрасенне Хрыста – гэта свята надзеі. Няхай яна ніколі нас не пакідае, але хай схіляе нашыя сэрцы да той крыніцы Жыцця і Праўды, крыніцы Міласэрнай Любові, якую мы маем ва Уваскрослым Хрысце! Яго блаславенне няхай спачне на кожнай вашай сям’і, на кожным доме і на ўсёй нашай роднай Беларусі!

Хрыстос Уваскрос! Сапраўды Уваскрос! Са Святам!

АЛЕГ БУТКЕВІЧ, Біскуп Віцебскі

Поделиться в: