28.04.2026
Общество

Житель района рассказал о народных традициях праздника Святой Троицы

  • 8 июня, 2025
  • 0 min read
Житель района рассказал о народных традициях праздника Святой Троицы

У гэту нядзелю мы адзначаем адно з дванаццаці гадавых свят – Троіцу. Яе яшчэ называюць Пяцідзясятніцай ці Сёмухай, бо адзначаецца яна роўна праз сем тыдняў ад Вялікадня – на пяцідзясяты дзень. Нашы продкі вельмі шанавалі Троіцу, у кожным рэгіёне захаваліся звязаныя з ёй традыцыі і абрады.

Тамара Хадасевіч, кіраўнік народнага фальклорнага калектыву «Кругліца» філіяла «Кругліцкі СДК» расказала пра традыцыі сваёй мясцовасці:

–Заўважу, што Троіца – адно з самых прыгожых летніх абрадавых свят. Да яго звычайна ўсё прыбіралася. Сцены ў хаце ўпрыгожваліся галінкамі бяроз, за абразы ставілі цэлы букет з такіх галінак. Лічылася, што ён будзе ахоўваць сядзібу ад маланак.

Падлогу ў хаце высцілалі аерам. Людзі верылі, што ён валодае ахоўнымі якасцямі: абараняе жытло ад злых сіл і ўмацоўвае здароўе членаў сям’і.

У Траецкую суботу, яе яшчэ называюць бацькоўскай, звычайна паміналі сваіх продкаў, маліліся за іх, наведвалі могілкі.

На само свята Троіцы забаранялася працаваць. Збіраліся сем’ямі, хадзілі ў госці. Што тычыцца прыгатавання застолля, асаблівыя стравы не вылучаліся, але вось яечня павінна была быць абавязкова – гэта абрадавая страва. Пасля застолля ішлі на двор, маладую бярозку ўпрыгожвалі стужачкамі. Прычым рабілі гэта, прамаўляючы свае жаданні. Лічылася, што яны, загаданыя на Троіцу, абавязкова збудуцца. Потым вадзілі карагоды вакол бярозкі, спявалі песні.

Дзяўчаты плялі вянкі з галінак, з зёлак, таксама збіралі лекавыя травы.

Верылі, што травы, сабраныя на Троіцу, валодаюць цудадзейнай сілай, могуць вылечыць ад усіх хвароб.

Паспрабуйце і вы выканаць штось з апісанага вышэй, каб далучыцца да народных вытокаў. Галоўнае, рабіць усё з верай у душы і з дабрынёй у сэрцы.

Валянціна ПРЫШЧЭПАВА

Поделиться в: