06.03.2026
Общество Фотофакт

Фотофакт. Праздник деревни прошел в Тяпино

  • 25 августа, 2025
  • 1 min read
Фотофакт. Праздник деревни прошел в Тяпино

Ёсць мясціны на Чашніччыне, дзе на кожным кроку адчуваецца подых гісторыі. Вёска Цяпіна адна з такіх. Менавіта яна стала малой радзімай знакамітага Васіля Цяпінскага.

Землякі выбітнай асобы годна захоўваюць памяць пра асветніка. З іх лёгкай рукі з’явіўся фестываль у гонар Васіля Цяпінскага, ладзяцца святы. Вось і ў гэтым годзе на зыходзе лета Цяпінская зямля зноў сабрала сяброў на мерапрыемстве «З любоўю да роднай зямлі».

І сапраўды, завітаўшы на гэта свята, можна было пераканацца — зроблена і арганізавана з любоўю.

Старшыня Чашніцкага раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Станкевіч, адкрываючы свята, шчыра павітаў гаспадароў хлебасольнай зямлі:

— Сення мы сабраліся на свяце дружбы, адзінства і добрасуседства. Менавіта гэтыя каштоўнасці ляжаць у аснове стабільнасці і росквіту роднага краю, — адзначыў Дзмітрый Зянонавіч. — «Страцім вёску — страцім дзяржаву. Яе проста не будзе» – такі пасыл агучыў у адным з выступленняў Глава дзяржавы Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, называючы вёску – карміліцай людзей, падмуркам нашай дзяржавы. У гэты дзень трэба ўспомніць тых, хто стаяў ля вытокаў населенага пункта, хто сваёй працай і самаахвярнасцю заклаў падмурак для яго развіцця. Мы памятаем і ўшаноўваем герояў вайны, ветэранаў працы, якія адстаялі мір і аднавілі дзяржаву з руін. Іх поздвіг — прыклад і крыніца натхнення для ўсіх нас. Прыемна назіраць, калі самі вяскоўцы, жыхары вёскі Цяпіна, клапоцяцца пра лёс сваёй малой радзімы. Тым больш калі ёсць на каго раўняцца, маю на ўвазе знакамітага земляка, першадрукара Васіля Цяпінскага. Цудоўна, што памяць пра яго беражліва захоўваецца нашчадкамі. Толькі сумеснымі намаганнямі можна зрабіць усё магчымае, каб Радзіма знакамітага асветніка квітнела і развівалася.

З прывітальнымі словамі да гасцей і жыхароў Цяпіна звярнуліся старшыня Празямлянскага сельскага выканаўчага камітэта Мікалай Ярох і старшыня Чашніцкай раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Валянціна Каваленка.

Асабліва пранікнёным было выступленне старэйшыны Віктара Прышчэпа. Ён мае самае непасрэднае дачыненне да ўсіх падзей, якія ладзяцца на Цяпінскай зямлі. Яго па праву можна назваць захавальнікам часу і традыцый. Дзякуючы яго няўрымслівай натуры вёска жыве і развіваецца.

І ў гэтым можна было пераканацца, пракаціўшыся на драбінах па ваколіцах мястэчка. Дарэчы, забыты многімі спосаб руху на драбінах быў самы запатрабаваны падчас свята, асабліва дзецьмі.

Атмасфера свята панавала паўсюль: сіламі фабрычнага Дома культуры была падрыхтавана цудоўная музычная праграма. На святочнай пляцоўцы працавалі шматлікія выставы рамеснікаў, а таксама экспазіцыя «Назад у СССР», якую збіралі мясцовыя жыхары на працягу доўгага часу. Выставу-продаж з шырокім асартыментам прадставіў Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Чашніцкага раёна. Яго работы выклікалі захапленне ў гасцей свята. Усе жадаючыя мелі мажлівасць набыць штосьці на памяць.

Як і падабае святу вёскі, у межах яго прайшло ўрачыстае ўшанаванне лепшых прадстаўнікоў і ветэранаў працы, юбіляраў і доўгажыхароў, а таксама ўладальнікаў лепшых падворкаў. Гэта падзея стала данінай павагі і прызнання заслуг тых, хто ўнёс значны ўклад у развіццё роднай зямлі. Віншаванняў было шмат. У такія хвіліны разумееш, чаму менавіта Цяпінская зямля такая хлебасольная. Соль зямлі, як пісалася ў Евангеллі ад Матфея, — яе людзі, пачынаючы з Васіля Цяпінскага, заканчваючы яго землякамі-сучаснікамі.

Валентина ПРИЩЕПОВА

Фото Наталья СТУКАЛОВА

Поделиться в: