В Шарковщине прошел областной праздник любительских объединений «Яблычны Фэст»
Яскрава і відовішчна прайшло пятае абласное свята аматарскіх аб’яднанняў «Яблычны фэст» у Шаркаўшчыне, якое сабрала вялікае мноства гасцей не толькі з Беларусі, але і з замежжа.
У мінулыя гады мерапрыемства ладзілася на малой радзіме нашага земляка, садавода-селекцыянера Івана Сікоры ў вёсцы Алашкі. Па рашэнні аргкамітэта сёлетняе свята праходзіць у гарадскім пасёлку.
У 11 гадзін на плошчы Леніна арганізатары і ўдзельнікі мітынгу, у тым ліку госці з Расійская Федэрацыі, ўсклалі кветкі да помніка воінам і партызанам, хвілінай маўчання ўшанавалі светлую памяць аб загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Гучныя фанфары а трынаццатай гадзіне абвясцілі аб адкрыцці абласнога свята «Яблычны фэст». Гасцей і ўдзельнікаў урачыстасці са сцэны адкрытай канцэртнай пляцоўкі вітала кіраўніцтва раёна на чале са старшынёй райвыканкама Сяргеем Кашмілам.
— Дарагія сябры, як цёплае лета ў гэты дзень пераходзіць у шчодрую восень, так няхай усе вашы справы і пачынанні прынясуць плён, а мары пачнуць здзяйсняцца! Жадаю ўсім прыемнага адпачынку на гасціннай шаркаўшчынскай зямлі, — прамовіў кіраўнік Шаркаўшчынскага раёна.
Намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Вячаслаў Дурноў пажадаў, каб «Яблычны фэст» у Шаркаўшчыне развіваўся і збіраў гасцей з усіх куткоў краіны і замежжа.
У народзе лічыцца, што яблыкі, як і іншую садавіну новага ўраджаю, можна паспытаць толькі тады, калі яны будуць асвечаны свяшчэннаслужыцелем. Па праваслаўных канонах на галоўнай сцэне словы малітвы прачыталі святары, а затым святой вадою акрапілі плады садавіны і гародніны.
Арганізатары свята загадзя паклапаціліся, каб падчас мерапрыемства былі задзейнічаны цэнтральныя плошчы і вуліцы гарадскога пасёлка. І не здарма, бо акрамя шаркаўчан прыехалі калектывы ажно з сямнаццаці гарадоў і раёнаў Віцебшчыны. На нашу гасцінную зямлю завіталі прафесійныя калектывы артыстаў з Мінска, нават з Пскова і Архангельска Расійскай Федэрацыі.
З расійскімі гасцямі шаркаўчане ажыццявілі аўтапрабег «Дарогамі памяці і подзвігу» з раённага цэнтра у аграгарадок Германавічы, дзе наведалі музеі, гістарычныя мясціны, звязаныя з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны.
У Шаркаўшчыне гучала музыка, песні, на тэматычных пляцоўках праводзіліся выставы-прэзентацыі, літаратурныя чытанні, квэст-гульні, спартыўныя забавы. Шматлюдна было на падворках сельскіх Саветаў і арганізацый гарпасёлка.
Працавала перасоўная экспазіцыя Беларускага дзяржаўнага музея Вялікай Айчыннай вайны.
Выступілі харэаграфічны каллектыў «Авангард» з Пскоўскага раёна Расійскай Федэрацыі. Прыхільнікі песеннай творчасці Нацыянальнага акадэмічнага хора імя Генадзя Цітовіча скарысталі магчымасць трапіць на канцэрт гэтага славутага калектыву.
«Нам памяць засталася ў спадчыну» — такую назву мела песенная праграма артыстаў з Архангельска. Адбыўся канцэрт народнага ансамбля песні «Фярцінка» з Полацка. Мілагучную ігру на саксафоне падарыў публіцы музыкант з Мінска Яўген Масленнікаў. Таксама выступілі шаркаўшчынскія артысты з канцэртнай праграмай «Таланты зямлі шаркаўшчынскай».
А завяршылася абласное свята салютам.



































