28.04.2026
Новости Общество

Стацыянарная крама ў Чарэі можа быць закрыта

  • 17 февраля, 2026
  • 1 min read
Стацыянарная крама ў Чарэі можа быць закрыта

Ці то крама, ці то буфет

Цяжка паверыць, але факт. Два гады Сенненскі філіял Віцебскага абласнога спажывецкага таварыства шукае прадаўца ў чарэйскую краму. Шукае і ніяк не здолее знайсці.

 Пра гэта нам распавяла вядучы таваравед Таццяна Шыпуля. Па словах спецыяліста, увесь гэты час прыходзіцца дастаўляць на месца работніка прылаўка з райцэнтра.

Тут варта крыху падлічыць. З раніцы прадаўца адвозяць за 30 кіламетраў. Машына вяртаецца на базу. Увечары трэба маршрут паўтарыць. Памнажаем 30 на 4. Вось вам і сярэдні прабег за дзень. Кіламетраў 120 набіраецца. І так пяць разоў на тыдзень. Вядома ж, кааператары ад такой арыфметыкі, мякка кажучы, не ў захапленні. Не дзіва, што на парадку дзённым стаіць пытанне аб закрыцці стацыянарнай гандлёвай кропкі ў Чарэі. Пакуль адпаведнае рашэнне не прынята. Самі кааператары яго і не могуць прыняць. Трэба ўзгаджаць з райвыканкамам. Бо ёсць жа сацыяльныя стандарты. І на першым плане павінны быць інтарэсы людзей. Аднак, калі прадаўца не знойдуць, у рэшты рэшт краму могуць і зачыніць.

 Цяжка сказаць, чаму не знаходзіцца кандыдат з мясцовых. Сенненскі філіял абяцае не самую дрэнную зарплату – 1,5 тысячы рублёў. Жадаючых па-ранейшаму няма. Вельмі кепска атрымаецца, калі па прычыне кадравага голаду харчовая крама, так патрэбная жыхарам Чарэі, перастане функцыянаваць. Наўрад ці хто ад гэтага выйграе. Пазіцыя кааператараў такая: знойдзецца прадавец – ніхто гандлёвую кропку не ліквідуе. У адваротным выпадку, на жаль, магчымы розныя варыянты…

Дарэчы, у Чарэі склалася вельмі цікавая сітуацыя з гандлёвым абслугоўваннем. Справа ў тым, што акрамя кааператыўнай, ў вёсцы працуе яшчэ адна стацыянарная кропка. Месціцца яна ў будынку, які калісьці называўся Домам паляўнічага і рыбака. Дадзены аб’ект у свой час адносіўся да катэгорыі турыстычных. Тут можна было пераначаваць, паесці. У былым выглядзе аб’ект больш не існуе. Аднак стацыянарная гандлёвая кропка захавалася дагэтуль. Нагадаем, Дом паляўнічага і рыбака знаходзіўся на балансе УНП ЖКГ «Камунальнік». Няўжо новалукомльскія камунальшчыкі ўзялі на сябе адказнасць за гандлёвае абслугоўванне чарэйцаў? На першы погляд, не профільная для іх справа.

– Так, міні-крама ў Чарэі ёсць, – пацвердзіла з месца падзей Ганна Кацар, якая і працуе тут. – Па дакументах значыцца як буфет. Асартымент даволі шырокі. Праўда, на вагу тавар не рэалізоўваем. Толькі ва ўпакоўцы. Я лічуся не прадаўцом нават, а адміністратарам. Гэта яшчэ з часоў, калі быў паўнавартасны а’бект гатэльнага сэрвісу. Дом паляўнічага і рыбака карыстаўся попытам. І зараз часам людзі тэлефануюць, хочуць тут спыніцца. Але няма ў мяне памочніцы, каб кругласутачна знаходзіцца ў будынку, надаваць увесь комплекс паслуг. Таксама кадравы голад. Вось і застаецца толькі што гандляваць. Тавараабарот нядрэнны. У месяц да 38 тысяч рублёў выходзіць. Я прадоўжыла кантракт з «Камунальнікам» і планую далей працаваць. Як яно атрымаецца ў будучым, не магу сказаць. Час пакажа.

Вось такая карціна. Пакуль чарэйцы і жыхары навакольных вёсак могуць нават выбіраць, куды пайсці атаварыцца. Але сітуацыя можа і змяніцца. У які бок? Пытанне пакуль падвешана ў паветры. Пажывём – пабачым. Юрась АЛЕКСАНДРОВІЧ

Поделиться в: