Крыху пачакаць —і вада будзе
Жыхары вёскі Дубінцы працягваюць чакаць, калі ў іх населеным пункце нарэшце запрацуе вадаправод.
Праблема цягнецца не першы месяц. Яшчэ ўзімку вады ў калонках і кранах не стала. Вяскоўцаў сам-насам з праблемай не пакінулі. Цэнтралізаваны падвоз вады арганізаваны. Водаканал паклапаціўся пра тое, каб цыстэрны прыязджалі па графіку. Аднак зразумела, што гэта часовае выйсце. Людзі агулам не задаволены і працягваюць скардзіцца. У тым ліку пішуць у рэдакцыйны чат-бот. Калі ж даўгачаканыя рамонтныя работы будуць выкананы, і з’явіцца вада ў неабмежаванай колькасці?
Адказ на дадзенае пытанне даў намеснік дырэктара па будаўніцтву філіяла «Лепельводаканал» Сяргей Жарнасек:
— Сапраўды, зімой вадаправод перастаў працаваць. Мы шукалі прычыну, але канчаткова так і не высветлілі. Калі прымалі на баланс дадзены аб’ект, то нават схем ніякіх не атрымалі. Проста не ведаем дасканала, як трубы пракладзены. Таму хутка адрамантаваць не здолелі. Пачалі вазіць ваду цыстэрнамі. Дагэтуль так і робім. Пры гэтым разумеем, што сітуацыю трэба выпраўляць. Ужо ўзгоджана рашэнне пра неабходнасць будаўніцтва новага водаправода. Прыкладна 700 метраў збіраемся пракласці. Пакуль чакаем спецыяльную тэхніку. Машыну заказалі, але неабходны час, каб яна прыехала менавіта ў Дубінцы. Мяркую, на працягу красавіка тэхніку ў карыстанне атрымаем. Пакуль будзем чакаць, набудзем трубу. Падрыхтуемся як след. У першай палове мая выканаем укладку. Ціску ў сістэме хопіць, каб водаправод нармальна функцыянаваў. Як здолеем пракласці новую трубу, так і здымем праблему з водазабеспячэннем канчаткова. Месяцы паўтара пачакаць прыйдзецца. Атрымаецца хутчэй — ніхто супраць не будзе.
Што ж, адказ намесніка дырэктара філіяла «Лепельводаканал» можна назваць цалкам змястоўным. Спадзяёмся, словы са справай у адказных асоб не разыйдуцца. Вяскоўцам жа пажадаем яшчэ крыху цярпення. Прыйдзецца яшчэ пакарыстацца пэўны час вадой на колах. А потым настануць лепшыя часы. Юрась АЛЕКСАНДРОВІЧ

Фото БЕЛТА носит иллюстративный характер