28.04.2026
Новости

Пра аддаленыя вёскіне забываюць

  • 14 апреля, 2026
  • 1 min read
Пра аддаленыя вёскіне забываюць

Калектыў Чашніцкага філіяла «ДРБУ №183» КУП «Віцебскаблдарбуд» абслугоўвае сотні кіламетраў дарог з розным пакрыццём. Шмат якія з іх знаходзяцца на досыць вялікай адлегласці ад райцэнтра. Як, напрыклад, тыя, што звязваюць населеныя пункты Красналуцкага сельсавета. Каб проста дабрацца сюды, перагнаць тэхніку, трэба панесці значныя выдаткі. Не кажучы ўжо пра рамонтныя работы.

Каштуе ўсё гэта вялікіх грошай. Але ж у належным стане павінна знаходзіцца кожная артэрыя жыцця. Таму штогод дарожныя будаўнікі ўключаюць у рамонтныя графікі тыя ці іншыя аб’екты ў аддаленых вёсках. І выконваюць запланаваныя аб’ёмы. Так, у мінулым годзе бягучы рамонт выкананы на ўчастку дарогі Чарнаручча-Латыгалічы-Красналукі. Працягласць — 4,6 кіламетры. Працаўнікі ДРБУ №183 абнавілі асфальтабетоннае пакрыццё, умацавалі ўзбочыны. На дадзеныя мэты было выдаткавана 1,3 мільёна рублёў. Гэта амаль чвэрць ад агульнага гадавога фінансавання, якое атрымалі ў 2025-м дарожнікі. Пагадзіцеся, нямала. Гэта лепшае пацверджанне, што аддаленыя раёны знаходзяцца ў фокусе ўвагі. На працягу бягучага года рамонтныя работы працягнуцца. Яшчэ больш за кіламетр указанай вышэй дарогі належыць упарадкаваць. Вядома ж, зноўку досыць вялікія сродкі будуць выдаткаваны. Калі дакладней, то каштарыс складае 400 тысяч рублёў. Таксама ў 2025-м працаўнікі ДРБУ №183 адрамантавалі пад’язныя шляхі да вёскі Багданава. Тут гаворка ідзе пра 1,7 кіламетра дарогі са жвіровым пакрыццём плюс 600 метраў асфальтабетону. Агульны кошт мерапрыемстваў – 280 тысяч рублёў. На гэты год запланавана абнавіць яшчэ адзін участак (1,7 км).

Нарэшце, нельга не ўзгадаць пра будаўніцтва маста ў Красналуках. Фактычна быў уведзены новы аб’ект праз раку Эсу. Стары мост перанеслі, змянілі параметры. Лічы, пабудавалі новы. Амаль 400 метраў новага палатна зрабілі. Да справы працаўнікі філіяла падключалі субпадрадчыкаў. Атрымалася няблага. Зараз у Красналуках новы мост функцыянуе належным чынам. А каштавала ўся гэта рэканструкцыя 1,2 мільёна рублёў.

Як бачым, прыкладаў уважлівага стаўлення да дарожнай інфраструктуры аддаленых населеных пунктаў хапае. Пры гэтым зразумела, што гаворку трэба весці не толькі пра рамонтныя мерапрыемствы. Артэрыі жыцця патрабуюць элементарнага абслугоўвання ў любую пару года. Зімой неабходна чысціць снег, вясной пускаць грэйдэр, дзесьці выбоіны заладзіць, летам за узбочынамі сачыць. І так увесь час. Каб дарогі былі ў парадку, а людзі задаволены. Пры гэтым і грошы трэба лічыць. Бо іх зашмат не бывае. Кожны ўкладзены ў рамонтную справу рубель павінен у рэшце рэшт прынесці адпаведную аддачу. Юрась АЛЕКСАНДРОВІЧ

Поделиться в: