У Чашніцкім гістарычным музеі беражліва захоўваюцца ўспаміны землякоў — тых, хто прайшоў праз полымя вайны. Сярод іх мы знайшлі старонкі, запісаныя са слоў Зінаіды Кунцэвіч (Капусцінай), былой партызанкі. Мы друкуем гэтыя ўспаміны з невялікімі скарачэннямі, захоўваючы мову і стыль аўтаркі. Няхай яны стануць яшчэ адным напамінам для маладога пакалення: вайна не мае жаночага твару, але жанчыны на вайне мелі сілу, волю і мужнасць, перад якімі схіляюцца нават дзесяцігоддзі мірнага жыцця.
МАЛЕНЬКАЯ РАДЗІМА, ВЯЛІКАЯ ВАЙНА. Мая малая радзіма – горад Чашнікі. Там прайшло школьнае дзяцінства і суровае юнацтва. Вайна для мяне, як і для маіх аднагодкаў, пачалася праз тры дні пасля выпускнога балю і атрымання атэстата сталасці. Па радыё даведаліся аб нападзе фашысцкіх захопнікаў. У той жа дзень нас, некалькіх выпускнікоў, запрасілі ў райкам камсамола і прызначылі на пост па назіранні, апавяшчэнні і сувязі. Гэтай справай мы займаліся да прыходу немцаў у горад.
АКУПАЦЫЯ. Пасля таго, як вораг заняў райцэнтр, у горадзе была створана падпольная камсамольская група. Мы збіралі зброю, звесткі аб мясцовым гарнізоне, даставалі медыкаменты, расклейвалі лістоўкі. З партызанскага атрада, які быў створаны ў першыя дні вайны, да нас прыходзілі сувязныя Люба Закрэўская, Валя Хадатовіч, Вольга Сяўцова, Валя Шнітко і Аня Чэпік, праз якіх мы ўсё гэта перадавалі партызанам. А іх інфармацыю запісвалі вельмі коратка і распаўсюджвалі сярод насельніцтва. І раптам — правал. Дачка бургамістра аднойчы заўважыла, як я расклейвала лістоўкі. Мяне арыштавалі. Больш месяца знаходзілася ў адной з камер паліцыі. Дапамог шчаслівы выпадак. Знаёмы, які працаваў па заданні партызан у паліцыі, дапамог вызваліцца. У канцы мая 1943-га праз знаёмага з атрада мы даведаліся, што чакаецца аблава. Назаўтра раніцай я пакінула Чашнікі і пакрочыла ў вёску Гілі, дзе жыла сувязная Валя Шнітко. Праз два дні пачала прабірацца далей у лес і сустрэла партызан. Мяне даставілі ў штаб і цэлы месяц высвятлялі, хто я. Нарэшце камісар паведаміў, што ўсё ўдакладнілі і я магу ісці ў свой атрад. А я вырашыла, што ўсё роўна, дзе змагацца з ворагам, і засталася тут.
ЖАНЧЫНА-ПАДРЫЎНІК. Так пачалося маё партызанскае жыццё. Залічылі ва ўзвод падрыўнікоў. Хадзіла на чыгунку Орша–Лепель. Навучылася ставіць шашкі з толу пад чыгуначнае палатно і рабіць міны. Дапамагала па доглядзе за раненымі. Вайна не выбірала, каму быць на пярэднім краі. Жанчыны рабілі тое, што здавалася немагчымым для слабага полу, — і рабілі гэта нароўні з мужчынамі.
ВЫХАД З АКРУЖЭННЯ. Вясной 1944-га з нашага атрада быў накіраваны ўзвод у Ушачы для пабудовы і аховы партызанскага аэрадрома. У гэты час пачаўся прарыў фронту пад Віцебскам. Фашысцкія самалёты часта з’яўляліся над аэрадромам і бамбілі яго. Многія яго абаронцы назаўсёды засталіся там. А тыя, хто застаўся, невялікімі групамі прабіраліся далей у лясы Віцебшчыны. Так мы дайшлі да бягомльскіх балот. І тут убачылі самалёты з чырвонымі зоркамі, якія пранасіліся над лесам. Харчоў не было, людзі аслабелі, з’явіліся хворыя на малярыю, але мы ішлі далей. Неўзабаве пачулі гул гусеніц нашых танкаў. Выйшлі ім насустрач. Танкісты на хаду выкідвалі нам сухары і кавалачкі цукру.
ЧАКАНАЯ ПЕРАМОГА. Вырашыла ісці да аэрадрома, які мы раней ахоўвалі. Па дарозе сустрэла партызан. І раптам голас: «Дзе ваш камісар, камандзір?» «Камісар забіты пры выхадзе з аблавы, камандзір цяжка паранены», — адказала я. Так сустрэлася з партызанамі з суседніх атрадаў. Атрымала загад перабірацца ў Оршу. Адтуль першым эшалонам адправілі нас у Віцебск на парад і сустрэчу партызан вобласці. Вайна для мяне закончылася. Вярнуўшыся да мірнага жыцця, свой лёс Зінаіда Кузьмінічна звязала з выхаваннем моладзі, завочна скончыла філалагічны факультэт Брэсцкага педінстытута. У сярэдзіне пяцідзесятых разам з мужам прыехалі на Лоеўшчыну і пасяліліся ў весцы Бывалькі. Усё жыццё працавалі ў мясцовай школе. На заслужаным адпачынку яны вярнуліся на малую радзіму Зіны. Гэтыя ўспаміны — жывы голас мінулага. Асабліва важна, што гэта гісторыя — пра жанчыну. Пра тую, што не чакала, а дзейнічала. Не баялася, а змагалася. А пасля вайны вучыла дзяцей, бо менавіта праз адукацыю і памяць будуецца будучыня.
Матэрыял паводле ўспамінаў З. Кунцэвіч падрыхтавала Юлія МІШУЛКОВА
"Поезд Памяти" прибыл в Гродно, передает корреспондент БЕЛТА. "Научить ребят защищать историческую правду". Российский парламентарий…
Сколько девятиклассников выбирают дальнейшее обучение в колледжах, рассказала заместитель начальника главного управления профессионального образования -…
Президент Беларуси Александр Лукашенко утром 23 июня заслушал доклад председателя Гомельского облисполкома Ивана Крупко, сообщает…
Совет Республики опубликовал программу XIII Форума регионов Беларуси и России, который состоится 25-26 июня 2026…
Автомобильное топливо в Беларуси с 24 июня подорожает на 1 копейку. Об этом сообщили БЕЛТА…
XIII Форум регионов Беларуси и России - значимый шаг к укреплению межрегионального сотрудничества, и в…