Поговорили с заместителем директора по учебной работе средней школы №4 г. Чашники Валентиной Белой
Ёсць жанчыны, над якімі ўзрост непадуладны. З аднаго боку над імі пануе арэол таямнічасці і ў той жа час захапляешся іх непасрэднасцю.
Менавіта такой і з’яўляецца Валянціна Белая, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы №4 горада Чашнікі. Яна адначасова і адказны адміністратар, і творчая асоба, а галоўнае, абаяльная, прывабная і сціплая жанчына, якая не прывыкла да вялікай увагі ў свой адрас.
Ужо 39 год яна крочыць настаўніцкімі пуцявінамі, выкладае беларускую мову і літаратуру. Ведаючы Валянціну Сямёнаўну з часоў сваёй вучобы ў гэтай школе, магу смела сцвярджаць: яна непроста працуе, а шчыруе на глебе роднай мовы. З першых дзён Валянціна Сямёнаўна пераканалася, што ўсмешка – моцны інструмент. Яе вылучае мяккі і адначасова настойлівы стыль работы. З дзецьмі заўсёды цудоўныя адносіны, поўнае ўзаемаразуменне і павага.– Імкнуся ў кожным дзіцяці разгледзець асобу, веру ў яго магчымасці, – дзеліцца сакрэтам Валянціна Сямёнаўна і дадае: – Упэўнена, што ад настаўніка многае залежыць у далейшым лёсе дзяцей, таму заўсёды адкрытая да іх.
Дзеці гэта адчуваюць, таму, напэўна, самыя масавыя выпускі на вечарах сустрэчы збіраюцца менавіта да Валянціны Сямёнаўны. Пяць выпускаў у школе. Гэта не жарты! Сярод выпускнікоў ёсць і медыкі, і ваенныя, і юрысты, і тыя, хто пайшоў яе шляхам. Гэта найлепшае падцверджанне, што годных людзей вырасціла, што ўсё было не дарэмна. Дарэчы, з якім імпэтам расказвае пра сваіх былых вучняў, памятае практычна кожнага. І ўсімі шчыра ганарыцца.
Настаўніца на ўласным прыкладзе выхоўвае ў вучняў пачуццё гонару за свой народ, павагі да роднай мовы. Не сакрэт, што беларуская мова для часткі вучняў як замежная, таму і здаюць у апошнія часы яе мала. А вучні Валянціны Сямёнаўны, штогод выбіраюць ЦЭ менавіта па беларускай мове. Як прызнаюцца выпускніцы, Вікторыя Абрамчук і Мілана Карповіч, беларуская мова дзякуючы ўрокам Валянціны Сямёнаўны для іх стала такой жа блізкай як і руская. Пры такім падыходзе і не дзіўна, што дзяўчаты з году ў год займаюць прызавыя месцы на прадметнай алімпіядзе. Я папрасіла іх ахарактарызаваць сваю настаўніцу.
– Сапраўдная, шчырая, адкрытая, справядлівая, цікавая, неабыякавая, не паўторная і самая любімая, – наперабой выдавалі дзяўчаты.
Да слоў вучаніц далучаюцца і калегі Валянціны Сямёнаўны, з якімі яна працуе ў цесным тандэме, увесь час аказвае падтрымку. Не падзяляе справы на «свае» і «чужыя». Таму і поспехі відавочныя: настаўнікі прымаюць удзел у шматлікіх конкурсах, займаючы прызавыя месцы, рэгулярна друкуюцца ў перыядычных выданнях, павышаюць сваё майстэрства. Як вынік – вялікая колькасць грамат, дыпломаў як асабістых, так і калектыўных. Яны пацвярджаюць, што педагог заўседы трымае руку на пульсе, ідзе ў нагу з часам, няспынна працуе над павышэннем педмайстэрства і ахвотна дзеліцца набытым вопытам з калегамі. На пытанне, што трымае ў прафесіі, вопытная настаўніца адказвае:
– Поспехі, прычым не свае – вучняў, калег. Вось гэта жывіць і надае сіл. Таму, напэўна, столькі год у такой няпростай прафесіі. Так, хутчэй за ўсё, наканавана лёсам, – прыемна ўсміхаючыся, шчыра прызнаецца мая суразмоўца. – Ды і ў другой прафесіі сябе і не ўяўляю. Атрымоўваю асалоду ад таго, што раблю. Упэўнена, што трэба любіць сваю справу. Заўтра прыгожая палова будзе адзначаць сваё самае цудоўнае свята. І не магла не пацікавіцца ў Валянціны Сямёнаўны, у чым яна бачыць прызначэнне жанчыны.
– Ведаеш, як сцвярджаў беларускі паэт Алесь Звонак, «жанчына – жыцця першапрычына», то, безумоўна, галоўнае прызначэнне жанчыны – быць маці. Дарэчы, нам, настаўнікам, у гэтым сэнсе пашанцавала: вучні таксама нашы дзеці, наш поспех, наш працяг.
Сапраўды, пашчасціла тым, хто калісьці вучыўся і вучыцца ў таленавітай настаўніцы. На развітанне запыталася, што патрэбна для шчасця?
– Быць удзячным, – прызналася настаўніца. – Я ўдзячная лёсу за бацькоў, якія выхавалі і заўсёды падтрымлівалі, за сваіх родных і блізкіх, якія побач. Мне пашчасціла трапіць у цудоўны калектыў настаўнікаў-аднадумцаў. Займаюся любімай справай. Як пісаў Максім Танк, «каб з чаго іншага скласці, дык ці было б яно шчасцем…».
Валянціна ПРЫШЧЭПАВА