28.04.2026
Новости Общество

Валентина Голодок из Краснолук отметила 70-летний юбилей

  • 10 апреля, 2025
  • 1 min read
Валентина Голодок из Краснолук отметила 70-летний юбилей

Светлая жанчына, сапраўдная вясковая працаўніца, чалавек з адкрытай душой і шчырым сэрцам. Менавіта так прадставіла старшыня Красналуцкага сельвыканкама Наталля Іонікава гераіню сённяшняга артыкула Валянціну Галадок, якая адзначыла цудоўную дату – сямідзесяцігоддзе.

З першых хвілін размовы мы змаглі ў гэтым пераканацца без цені сумніву. І гэта прытым, што жыццё яе не песціла, як і большасць з пакалення пяцідзясятых. Цяжкасці такіх людзей загартоўвалі. Нарадзілася наша гераіня ў невялічкай вёсачцы Забор’е. Пасля заканчэння Лужаснянскага тэхнікума трапіла па размеркаванні на працу ў Міхалова брыгадзірам. Тады гэта быў саўгас «Красналуцкі». На рабоце праводзілі шмат часу, тут і з мужам пазнаёміліся, пажаніліся. Асталяваліся ў яго, у вёсцы Валасачы. Праз дванаццаць год саўгас выдзяліў сям’і дом у Красналуках. Пяцёра дзетак выгадавалі. Паралельна працавала брыгадзірам комплекснай брыгады. Работы хапала.

– Не было калі сумаваць, – прызнаецца Валянціна Лявонаўна. Усялякага хапіла за маё жыццё: і добрага, і дрэннага. Часам цяжка было, але рукі не апускала, так прывучаная. Пяцёра дзетак выгадаваць – не жартачкі. Шмат увагі патрэбна і часу. Таму з брыгадзірства перайшла на збор малака. Раней карова-карміцелька была ў кожнай гаспадарцы, шмат збіраць малака прыходзілася – за раз па 28 фляг, і ўсё ўручную. Так 15 год і адпрацавала. Потым старшыня саўгаса ўгаварыў папрацаваць брыгадзірам на ферме.

Як прызналася субяседніца, сітуацыя была няпростая – прыйшлося тады выпраўляць чужыя памылкі. Звярнуліся да Валянціны Лявонаўны, бо ведалі – не падвядзе. У саўгасе яна была адна з самых адказных працаўніц – шматразова атрымлівала ад кіраўніцтва падзякі і ўзнагароды.

Наша гераіня перакананая, што толькі праца чалавека ўпрыгожвае, праца на карысць людзям, роднаму куточку. Таму і на пытанне, што галоўнае ў жыцці, Валянціна Лявонаўна не распавядала пра высокія матэрыі, а ўпэўнена адказала:

– Праца, каб чалавек быў заняты. Асабліва на зямлі, як нідзе, бачны вынікі тваёй работы. Нас выхоўвалі працай, з чацвёртага класа дапамагалі родным у полі. І лічу гэта лепшым сродкам выхавання. Безумоўна, уласны прыклад таксама важны.

І тут не паспрачаешся, мне таксама блізкая філасофія жыцця працалюбівай юбіляршы. Дарэчы, наконт уласнага прыкладу, змаглі самі пераканацца. Пад’ехаўшы да хаты гераіні, убачылі: на панадворку кіпіць работа. Сын з двума ўнукамі даводзяць да ладу сад, папраўляюць плот, а Валянціна Лявонаўна толькі каардынуе работу родных. І мае на тое поўнае права, як старэйшына роду. Яна адзначыла, што ўдзячная змена расце: не трэба іх заманьваць рознымі прысмакамі, каб дапамаглі, – самі ідуць. Бабуля, у сваю чаргу, заўжды рада пачаставаць унукаў печывам. Тут варта ўдакладніць, што ў Валянціны Галадок адзінаццаць унукаў і адна праўнучка. Вось дзе па-сапраўднаму багатая бабуля! Гэта свайго роду ўзнагарода за няпростае жыццё. Значыць усё рабіла правільна, жыла з сумленнем у згодзе, годных дзяцей у свет пусціла. Маючы такі прыклад перад вачыма, і ўнукі павінны знайсці свой шлях. А арыенцірам для іх заўсёды будзе святло ў бабулінай хаце.

Валянціна ПРЫШЧЭПАВА

Поделиться в: