В Чашникском Доме ремесел открылась персональная выставка директора Галины Шинкевич «Здесь родины моей начало»
Менавіта пад такой назвай у Чашніцкім Доме рамёстваў праходзіць чарговая персанальная выстава работ дырэктара Галіны Шынкевіч. Мы далучыліся да ліку наведвальнікаў і ні на хвіліну не пашкадавалі, бо паглядзець было на што. І не толькі паглядзець, а і паслухаць майстра.
На выставе былі прадстаўлены работы, выкананыя ў розных тэхніках. Цэнтральнае месца займае экспазіцыя абразоў, бо як мы крыху пазней даведаліся, яна ў Галіны самая любімая. Дарэчы, гэта невыпадкова. Яе прадзед, што жыў у Церабенях, валодаў даволі рэдкім майстэрствам аздаблення абразоў лыкам. І Галіна вырашыла працягваць справу, распачатую прадзедам. Трэба адзначыць, што гэта тэхналогія ўласцівая менавіта нашаму рэгіёну, таму плануецца, што аздабленне абразоў лыкам будзе вынесена ў асобны аб’ект нематэрыяльных каштоўнасцей Чашніччыны.
Далей увагу прыцягвае экспазіцыя жывапісу. Прадстаўленыя карціны даволі рэалістычна перадаюць фрагменты вясковага побыту.
Разглядаючы іх, ты нібы на час пераносішся ў вясковае асяроддзе, у часы дзяцінства, калі большую частку летніх вакацый праводзіў у бабулі.

Рухаемся далей. Вашай увазе прадстаўлена самая вялікая экспазіцыя вырабаў з гліны. Чаго тут толькі не пабачыш: ад разнастайных свістулек, званочкаў і фігурак жывёл да прадметаў побыту і абярэгаў. А колькі цікавага можа расказаць гаспадыня выставы пра гісторыю стварэння той ці іншай работы, тэхніку яе выканання. Зазначу, заўжды цікава паслухаць чалавека, захопленага сваёй справай, апантанага. Якой і з’яўляецца Галіна Шынкевіч. Гэта падцвердзіла і загадчык сектара культуры Чашніцкага райвыканкама Наталля Залеская:
– Галіна Уладзіміраўна ў нас вельмі творчая і ініцыятыўная, – адзначыла Наталля Вячаславаўна. – Яна працуе ў розных накірунках: саломапляценне, ганчарнае майстэрства, жывапіс, апрацоўка абразоў. Варта адзначыць, што яна дзеліцца сваімі ведамі з вучнямі, што наведваюць адпаведныя гурткі. Дарэчы кожны жадаючы, незалежна ад узросту, можа павучыцца майстэрству у Галіны Уладзіміраўны. Хочацца адзначыць важнасць работы майстра ў тым, што яна адраджае традыцыйныя рамёствы Чашніччыны.
Рэзюміруючы, зазначу – гэта трэба пабачыць кожнаму неабыякаваму да сваёй гісторыі і сваіх каранёў.









Валентина ПРИЩЕПОВА