У гэтым годзе Лукомльскі сельвыканкам збіраецца прадаць як мінімум пяць зямельных участкаў для будаўніцтва індывідуальных жылых дамоў.
Чакаецца, што першым з малатка пойдзе надзел у Абузер’і. Адпаведная дакументацыя ўжо рыхтуецца. Значыць, неўзабаве павінен адбыцца аўкцыён. Дарэчы, гэта хутчэй за ўсё апошняя магчымасць набыць участак менавіта ў Абузер’і. Вёска гэтая карыстаецца попытам. На беразе Лукомльскага возера пабудавацца жадаюць многія. Таму абсалютную большасць пустуючых зямельных надзелаў ужо раскупілі. Яшчэ на таргі выстаўляецца ўчастак у вёсцы Дудары. А ў Старых Лаўках плануецца рэалізаваць адразу тры надзелы. У дадзеных населеных пунктах пабудаваць дом таксама няблага. Вёскі, так бы мовіць, прылеглыя да горада. Да Новалукомля рукой падаць. Уся патрэбная інфраструктура побач. І ў той жа час жыць можна на лоне прыроды, у цішыні. А гэта немалаважна. Так што, патэнцыйныя пакупнікі, бярыце да ўвагі. Прыкідвайце, мяркуйце, набывайце. Юрась АЛЕКСАНДРОВІЧ