28.04.2026
Новости

“Яго прамяністы шлях”

  • 20 января, 2018
  • 1 min read
“Яго прамяністы шлях”

Пад такой назвай нядаўна ў Чашніцкай цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшла літаратурная гадзіна, прысвечаная 95-годдзю з дня нараджэння беларускага пісьменніка Алеся Шашкова (3 студзеня 1923 года, вёска Раманоўшчына Чашніцкага раёна).
На мерапрыемства былі запрошаны вучні 11 класа сярэдняй школы №1. Бібліятэкары нагадалі школьнікам старонкі біяграфіі славутага земляка, расказалі пра жыццёвы і творчы шлях, аб шматграннасці яго таленту.
Алесь Шашкоў — аўтар больш дваццаці кніжак прозы. Дарогу літаратара ён абраў пасля Вялікай Айчыннай вайны, удзельнікам якой з’яўляўся. Ваяваў з ворагам у складзе Заходняга, 1-га Прыбалтыйскага і 2-га Беларускага франтоў. Быў двойчы паранены. Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны першай ступені, Чырвонай Зоркі, Славы трэцяй ступені, шматлікімі медалямі.
Юным чытачам прысвечаны яго аповесці “Белы камень”, “Лань-рака лясная”, раман “Навальніца спее ў цішыні”, шэраг апавяданняў і другіх твораў.
Даросламу чытачу адрасавана кніга прозы “Спытай сваё сэрца. Навальніца спее ў цішыні” і іншыя.
Тэматыка — разнастайная. У іх — адлюстраванне перажытага на вайне, пасля Вялікай Айчыннай, жыццё вёскі, станаўленне Савецкай улады. Галоўныя героі знаходзяцца ў пошуку маральнага ідэалу, свайго месца ў жыцці, якое дало б магчымасць у поўнай меры быць карысным людзям, Радзіме.
Аўтар імкнецца сказаць пра сапраўднае прызначэнне чалавека — берагчы, шанаваць, ахоўваць тое, што засталося ў спадчыну, каб перадаць нашчадкам.
Па водгуках вучняў, мерапрыемства ім падабалася сваёй змястоўнасцю, цікавай інфармацыяй, выклікала жаданне больш поўна пазнаёміцца з творамі пісьменніка.
Да мерапрыемства была аформлена кніжная выстава “У звычайным — адметнае”, якая змяшчала матэрыялы аб жыцці і творчасці Алеся Шашкова.

Тамара ЯЗЁНАК.

Поделиться в:

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *