У Маладзечна, на «Дажынкі»

 Прадстаўнікі Чашніцкага раёна на  «Дажынках-2011» у Маладзечна: (злева направа) Э. А. Гуляеў, У. У. Булай, У. А. Гурко.    У гэтыя вераснёўскія дні горад Маладзечна Мінскай вобласці стаў сапраўднай Мекай. Менавіта тут учора, сёння і заўтра ладзіцца традыцыйны XV рэспубліканскі фестываль-ярмарка працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2011» з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі. Сюды, у гэты маляўнічы куток Міншчыны, з усёй   нашай краіны з’ехаліся лепшыя працаўнікі сельгасвытворчасці, каб ушанаваць тых, хто сваёй руплівай працай унёс найбольшы ўклад у агульны каравай.
  Нам, жыхарам Чашніцкага раёна, вельмі прыемна, што сярод удзельнікаў грандыёзнага свята — і нашы землякі. На працягу апошніх гадоў Чашніччына трывала замацавалася як лідэр у вобласці, дасягаючы высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю. Плённым быў і гэты год. Агульны намалот збожжа склаў 54 тысячы тон пры ўраджайнасці 32,6 цэнтнера з гектара. Па выніках рэспубліканскага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю зерневых і зернебабовых культур Чашніцкі раён заняў першае ганаровае месца. Прадстаўляць раён у гэтай намінацыі будуць старшыня райвыканкама У. У. Булай і начальнік райсельгасхарчу Э. А. Гуляеў. Вызначыўся пад час нарыхтоўкі травяных кармоў і механізатар камунальнага сельскагагаспадарчага  прадпрыемства «Чашніцкае» У. А. Гурко. На камбайне Jaguar-850 ён нарыхтаваў 27356 тон травяных кармоў, альбо ў пераліку на ўмоўны камбайн 14949 тон, і тым самым заняў трэцяе месца ў рэспубліканскіх спаборніцтвах сярод камбайнераў кормаўборачных камбайнаў.
 Давайце разам парадуемся за нашых землякоў. І пажадаем ім годна прадставіць Чашніччыну на рэспубліканскіх «Дажынках-2011».

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *