Надзённы клопат хлебаробаў

На календары канец ліпеня — асабліва напружаны час для вяскоўцаў. Сярод мноства клопатаў усё ж галоўны – пра хлеб. Жніво на Чашніччыне ў самым разгары. Зарадзіўшыя некалькі дзён запар дажджы, вядома, унеслі пэўныя карэктывы ў ход уборачных работ. І цяпер, калі надвор’е спрыяе хлебаробам, найпершая задача — максімальна выкарыстаць кожную пагодлівую хвіліну, каб убраць збожжа ў сціслыя тэрміны і без страт.
Па звестках расельгасхарчу, на раніцу ўчарашняга дня ў цэлым па раёне збожжавыя і зернебабовыя былі ўбраныя на плошчы 3 582 гектары, што складае 19,7 працэнта ад запланаванага. Лідэрам хлебаўборачнай кампаніі з’яўляецца адкрытае акцыянернае таварыства “Палац працы-Агра”, дзе на згаданую дату абмалацілі збажыну на 568 гектарах (36,3 працэнта ад неабходнага). У параўнанні з мінулым годам на гэтую ж дату гаспадарка мае самы высокі плюс у раёне.
“Палац працы-Агра” і КУСГП “Чашніцкае” першымі ў раёне намалацілі па тысячы тон зерня. Сёння такі намалот маюць 4 гаспадаркі. Акрамя згаданых, “Проземле-Агра” і “Іванскі-Агра”. Найбольшы ён агульны пакуль у “Чашніцкім” — амаль дзве тысячы.
Па ўраджайнасці першым ідзе ААТ “Іванскі-Агра”. Тут збіраюць па 39,4 цэнтнера на круг. Крыху меней у “Чашніцкім” і “Палац працы-Агра”.