Прэс-канферэнцыя Лукашэнкі для Расійскіх рэгіянальных СМІ доўжылася больш як пяць з палавінай гадзін

Больш як пяць з палавінай гадзін доўжылася прэс-канферэнцыя Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі для прадстаўнікоў расійскіх рэгіянальных СМІ.
Журналісты задалі каля 30 пытанняў, якія датычыліся сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі, беларуска-расійскага ўзаемадзеяння па розных напрамках, інтэграцыі ў Саюзнай дзяржаве, дамоўленасцей у рамках ЕАЭС, украінскай тэматыкі і іншых важных тэм.
У прэс-канферэнцыі прынялі ўдзел больш як 100 прадстаўнікоў СМІ з 50 суб’ектаў Расійскай Федэрацыі. Прэс-канферэнцыі папярэднічаў 12-ы прэс-тур расійскіх журналістаў у Беларусь. На гэты раз яны знаёміліся з сацыяльна-эканамічным развіццём Віцебскай вобласці. А пытанні, якія засталіся пасля наведвання беларускіх рэгіёнаў, журналісты змаглі асабіста задаць Прэзідэнту Беларусі.
ЛУКАШЭНКА ПРОСІЦЬ РАСІЙСКІХ ЖУРНАЛІСТАЎ ПАКАЗАЦЬ БЕЛАРУСЬ АБ’ЕКТЫЎНА: НЕ ПРЫХАРОШВАЮЧЫ, АЛЕ І НЕ ПРЫНІЖАЮЧЫ ДАСЯГНЕННЯЎ
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка просіць расійскіх журналістаў паказаць Беларусь аб’ектыўна: не прыхарошваючы рэчаіснасць, але і не прыніжаючы дасягненняў. Аб гэтым ён заявіў 17 кастрычніка на прэс-канферэнцыі для прадстаўнікоў расійскіх рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі.
«Вас, дарагія браты-расіяне, прашу толькі аб адным: пакажыце нашу краіну без усялякіх прыкрас, прыхарошванняў, але не так, як часам гэта робяць, на жаль, федэральныя сродкі масавай інфармацыі. У лепшым выпадку яны замоўчваюць, што ёсць такая брацкая і самая блізкая для Расіі краіна, ну а ў горшым выпадку — вы ўсё бачыце самі, — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. — Таму я хацеў бы, каб нашы браты-расіяне даведаліся праўду пра Беларусь без прыхарошванняў рэчаіснасці, але і не прыніжаючы таго, што нам у гэтых складаных умовах удалося дасягнуць».
«Для нас гэта важна. Няма чаго граху таіць: аб’ектыўнай інфармацыі ў Расіі пра Беларусь не хапае, на жаль», — сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што такія прэс-туры журналістаў расійскіх СМІ па Беларусі праводзяцца ўжо 12 гадоў. Прэзідэнт Беларусі адзначыў іх станоўчы эфект у збліжэнні народаў дзвюх дзяржаў, развіцці ўсебаковага супрацоўніцтва, узаемаразумення і добрасуседства.
ЛУКАШЭНКА: БЕЛАРУСІ ПАТРЭБНА ЎЛАСНАЯ НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ІДЭЯ
Беларусі патрэбна ўласная нацыянальная ідэя. Аб гэтым заявіў 17 кастрычніка Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на прэс-канферэнцыі для прадстаўнікоў расійскіх рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі — удзельнікаў традыцыйнага прэс-туру ў Беларусь.
«У Беларусі няма цэнтральнай ідэі, вакол якой усё фарміравалася б. Нам трэба працаваць, каб выкрышталізаваць гэту ідэю. Патрэбна такая ідэя, якая была б успрынята ўсім грамадствам і да якой імкнуліся б. Але я пакуль не магу назваць гэту канцэпцыю. Перабіраю розныя варыянты, і ўсе здаюцца правільнымі — ёсць і патрыятызм, і павага да мінулага. Але гэта ва ўсіх. А нам трэба ўласную, адметную ідэю, якая характарызавала б беларускі народ. Раней мы гаварылі аб пабудове незалежнай дзяржавы. Сёння мы канстатуем, што пабудавалі ўжо суверэнную дзяржаву», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт дадаў, што цяпер задача спецыялістаў па ідэалогіі — не дапусціць ганьбавання таго, што зроблена і што падтрымліваецца большасцю народа. «Мне гавораць, што наша ідэалогія — гэта найглыбейшы патрыятызм. Але я не згодны — патрыятызм зразумелы і без ідэалогіі. Ні мне, ні маім памочнікам не ўдалося прыдумаць чагосьці вартага. Але тыя, хто займаецца ідэалогіяй, лічаць, што дзяржаўная ідэя ёсць», — сказаў беларускі лідар.
Закранаючы ідэалогію, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што гэта пытанне будзе асабліва актуальнае і ў год святкавання 70-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. «Мы вырашылі пабудаваць новы будынак Музея гісторыі ВАВ па некалькіх прычынах. Людзі (асабліва моладзь) пачалі ўжо забываць пра нашу перамогу, пра тое, якой цаной яна нам дасталася. Другая прычына ў тым, што ў нас хочуць забраць Перамогу. Прыйдзе час, калі нас будуць абвінавачваць, што мы развязалі тую крывавую вайну», — упэўнены кіраўнік дзяржавы.
У год святкавання 70-годдзя Перамогі, паводле слоў Прэзідэнта, важна дайсці да кожнага помніка. «Усе помнікі ў Беларусі, наколькі гэта магчыма, у ідэальным стане. Мы даглядаем іх. Гэта трэба рабіць пастаянна, рукамі школьнікаў, рукамі мясцовага насельніцтва, каб яны разумелі, што гэта такое, каб яны памяталі», — падкрэсліў ён.
ЛУКАШЭНКА ЛІЧЫЦЬ, ШТО ЗА ГАДЫ ЯГО ПРЭЗІДЭНЦТВА Ў БЕЛАРУСІ НЕ БЫЛО ДАПУШЧАНА ГЛАБАЛЬНЫХ ПАМЫЛАК
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць, што за гады яго прэзідэнцтва ў Беларусі не было дапушчана глабальных памылак. Аб гэтым ён заявіў 17 кастрычніка на прэс-канферэнцыі для прадстаўнікоў расійскіх рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі — удзельнікаў традыцыйнага прэс-туру ў Беларусь.
На пытанне аб тым, ці даводзілася яму за гады незалежнасці Беларусі прымаць рашэнне, якое ў далейшым магло б здавацца памылковым, Аляксандр Лукашэнка адказаў: «Паколькі мы выбралі тактыку «ісці ад жыцця», вырашаючы тыя пытанні, якія трэба вырашаць, мы не дапусцілі глабальных памылак і дзейнічалі, зыходзячы з абстаноўкі і сітуацыі».
Пры гэтым, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, аднойчы ён злавіў сябе на думцы, што ў свой час Беларусь дарэмна добраахвотна і без усялякіх умоў адмовілася ад валодання ядзернай зброяй, якая была размешчана на яе тэрыторыі. «Мы ж гэта зрабілі абсалютна бясплатна», — заўважыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што для яго пагадзіцца з вывадам ядзернай зброі з краіны было складана, аднак Леанід Кучма аднойчы сказаў яму: «Што ты чапляешся за гэту зброю? Мы яе абслугоўваць не зможам». «Цяпер з вышыні пражытых гадоў разумею: усё мы абслужылі б, усё было б нармальна. Намі ніхто не панукваў бы, як цяпер», — сказаў ён.
«Напэўна, былі і іншыя моманты, аб якіх я мог бы шкадаваць», — прызнаўся Прэзідэнт. Напрыклад, паводле яго слоў, іншым часам ён праводзіў вельмі строгую кадравую палітыку. «Але, калі бачыў, што няправільна рабіў, прасіў прабачэння, нават публічна», — адзначыў пры гэтым кіраўнік дзяржавы.
ЛУКАШЭНКА: РАБОТА ПА БАРАЦЬБЕ З КАРУПЦЫЯЙ ВЯДЗЕЦЦА Ў БЕЛАРУСІ ПАСТАЯННА

Работа па барацьбе з карупцыяй вядзецца ў Беларусі пастаянна. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 17 кастрычніка на прэс-канферэнцыі для прадстаўнікоў расійскіх рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі — удзельнікаў традыцыйнага прэс-туру ў Беларусь.
«Яшчэ да свайго прэзідэнцтва я ўзначальваў камісію па барацьбе з карупцыяй. Я ўнутрана не пераношу злодзеяў, грабежнікаў і іншых. Таму работа па барацьбе з карупцыяй вядзецца намі пастаянна. Але мы не плануем рабіць пераварот у заканадаўстве. Мы будзем яго ўдасканальваць кожную гадзіну», — адзначыў ён.
Цяпер у Беларусі ідзе ўсенароднае абмеркаванне праекта закона аб барацьбе з карупцыяй. «Грамадства прапануе шмат цікавых і слушных прапаноў. Я звярнуўся да народа, таму што закон пішуць і рыхтуюць чыноўнікі. А яны, паводле нашых даследаванняў, займаюць другое месца ў карупцыйных праявах. Таму хацелася б пачуць меркаванне радавых грамадзян. Лепшыя ідэі будуць унесены ў законапраект. Што застанецца, народ будзе бачыць. У мяне няма дамоўленасцей з жулікамі — гэта ўнясём, гэта не ўнясём», — падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што з цягам часу з’яўляюцца новыя праявы ў карупцыі, якія не ўлічаны ў законе, таму ўзнікае неабходнасць удасканальваць нарматыўна-прававую базу. «Жыццё шматграннае, з’яўляюцца новыя карупцыйныя з’явы. Мы не першы раз мадэрнізуем заканадаўства. Я займаюся гэтым пытаннем яшчэ і таму, што даўно засвоіў: якія б ты рэформы не праводзіў, калі ў краіне высокі ўзровень карупцыі — гэта сапсаванае грамадства і, як вынік, напрыклад, ва Украіне, бяда, — упэўнены Прэзідэнт. — Карупцыя, як іржа, раз’ядае любую сферу грамадства, эканоміка гэта ці сацыяльнае жыццё».
«Ніхто не зможа прывесці хаця б адзін факт, што я раблю ў барацьбе з карупцыяй адно, а для сябе штосьці раблю іншае. Ніхто ў краіне ці за мяжой не скажа, што я ў кагосьці нешта ўзяў. Для мяне і маіх дзяцей гэта непрымальна», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт упэўнены, што ў краіне могуць быць ідэальныя законы, але, калі першая асоба ў дзяржаве будзе карумпіравана, зло будзе працвітаць. «Улада і ўсё яе акружэнне павінны быць абсалютна чыстыя. Нікому потым літасці не будзе. Але я вельмі баюся, што дзесьці будзе перабор. Таму я папярэдзіў старшыню КДК, каб не было абвінаваўчага ўхілу — толькі па канкрэтным факце», — дадаў ён.
ПАВЫШАЦЬ ПЕНСІЙНЫ ЎЗРОСТ З ПУНКТУ ГЛЕДЖАННЯ ЭКАНОМІКІ ТРЭБА, АЛЕ ЛЮДЗІ ГЭТАГА НЕ ХОЧУЦЬ — ЛУКАШЭНКА
Павышаць пенсійны ўзрост у Беларусі з пункту гледжання эканомікі трэба, але людзі гэтага не хочуць. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 17 кастрычніка на прэс-канферэнцыі для прадстаўнікоў расійскіх рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі — удзельнікаў традыцыйнага прэс-туру ў Беларусь.
«Пенсійны ўзрост у Беларусі не павышаецца, паколькі людзі гэтага не хочуць, а я кляўся, што ніколі не пайду наперакор людзям па асноўных, хвалюючых пытаннях, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Дзяржава будзе павышаць пенсіі, што мы і робім у залежнасці ад работы эканомікі, паколькі лішніх грошай няма. Таму ёсць у эканоміцы грошы — будуць і зарплаты, будуць і пенсіі. Другі шлях — павышэнне пенсійнага ўзросту. Не хочаце? Разумею, не раблю. Але тады крыху меншая пенсія».
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, павышэнне пенсійнага ўзросту не панацэя, але ад гэтага будуць пэўныя выгады. «Гэта ненармальна, калі адзін-два працуючыя забяспечваюць аднаго пенсіянера. Пажадана, каб на аднаго пенсіянера было хаця б трое працуючых, а ў нас паўтара ўжо, ды і ў вас (у Расіі. — Заўвага БЕЛТА), напэўна, блізка да гэтага», — лічыць Аляксандр Лукашэнка.
Многія людзі працуюць пасля дасягнення ўзросту 55-60 гадоў, дадаў ён.
ЛУКАШЭНКА: КАЛІ Я БУДУ ЗДАРОВЫ, У МЯНЕ НЯМА ПАДСТАЎ АДМОВІЦЦА АД ВЫБАРАЎ
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка не бачыць падстаў адмовіцца ад удзелу ў перадвыбарнай кампаніі ў выпадку адсутнасці праблем са здароўем. Аб гэтым ён заявіў 17 кастрычніка на прэс-канферэнцыі для прадстаўнікоў расійскіх рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі — удзельнікаў традыцыйнага прэс-туру ў Беларусь.
«Калі б выбары былі заўтра — так, я ўдзельнічаў бы. Што будзе праз год, шчыра вам кажу, я спадзяюся, што не перавернецца свет і Беларусь не апынецца дзесьці на дне… Але калі ўсё будзе нармальна, і я буду здаровым, дык у мяне няма падстаў адмовіцца ад перадвыбарнай кампаніі», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пасля 21 года прэзідэнцтва ён спакойна паставіцца да выбрання іншага кандыдата. «Не прагаласуюць — ну і добра, у мяне яшчэ ёсць магчымасць пажыць. Калі ў мяне будзе такое здароўе, як сёння, я яшчэ нямала пражыву, займуся якой-небудзь справай. Можа, нават адпачну, калі змагу», — сказаў ён.
Беларускі лідар нагадаў аб сваім нядаўнім абяцанні не праводзіць датэрміновых выбараў. «Мне прапаноўвалі на выбары пайсці ў сакавіку, але гэта будзе несумленна», — упэўнены ён. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, як бы ні склалася сітуацыя, выбары адбудуцца ў кастрычніку-лістападзе будучага года.
як мага больш было прэс-тураў, якія дапамагаюць убачыць беларускую рэчаіснасць, а таксама каб больш было паездак у Беларусь для расійскіх дзяцей, падрастаючага пакалення, якое павінна бачыць, як жыве брацкі народ, як ён даражыць сваёй гісторыяй і культурай. У прыватнасці, яскрава адлюстроўвае гераічныя старонкі гісторыі Беларусі экспазіцыя новага Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчынай вайны ў Мінску, у якім таксама пабывалі расійскія рэпарцёры.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *