Шануем хлебаробаў прыдзвіння

Сёння ў Гарадку вялікае свята. Настаў час абласных “Дажынак”. Мы аддаем даніну павагі тым, каму абавязаны на нашым стале караваем, хто мацуе харчовую бяспеку краіны.
Райцэнтр доўга рыхтаваўся, шмат што было зроблена ў плане добраўпарадкавання, развіцця інфраструктуры. І вось шматлікія госці атрымалі магчымасць ацаніць працу людзей.
На “Дажынкі” з’ехаліся дэлегацыі з усіх куточкаў Прыдзвіння. Наш раён не выключэнне. Дэлегацыю Чашніччыны ўзначальвае старшыня райвыканкама Уладзімір Уладзіміравіч Булай. Хлебаробам ёсць чым ганарыцца. Сельгаспрадпрыемствы раёна намалацілі амаль паўсотні тысяч тон збожжа. Гаспадарка з Чашніччыны (ААТ “Вядрэнскае-Агра”) першай у вобласці пачала выконваць пастаўкі зерня новага ўраджаю ў рамках выканання дзяржзаказу. Адразу 18 экіпажаў намалацілі тысячу і болей тон збожжа. А вадзіцель з Іванска Мікалай Вятоха перавёз пад час жніва болей 4600 тон зерня. Паказчык, які вельмі прывабна выглядае нават на абласным узроўні. Сёння яму прыйдзецца выйсці на галоўную сцэну “Дажынак”, каб у ліку пераможцаў жніва-2014 атрымаць заслужаную ўзнагароду.
Мы ганарымся нашымі хлебаробамі. Сёння ў Гарадку яны зоймуць сваё пачэснае месца сярод працаўнікоў сельскай гаспадаркі Віцебскай вобласці. На “Дажынках” будзе цікава і весела. Удзельнікаў чакае разнастайная праграма. Рэпартаж са свята чытайце ў наступным нумары газеты.
Юрый АЛЕКСАНДРОВІЧ.