Слава чалавеку працы!

76_11
76_524
Не будзе перабольшваннем сказаць, што ўсе дарогі Віцебшчыны ў мінулую суботу вялі ў Гарадок.На пэўны час горад стаў месцам прыцягнення, своеасаблівай Мекай не выпадкова. Менавіта тут, у маляўнічым куточку Прыдзвінскага краю, ладзілася свята працаўнікоў вёскі Віцебскай вобласці «Дажынкі – 2014».
Значна памаладзеўшым, у святочным убранстве, безліччу яркіх вывесак і транспарантаў, рознакаляровых сцяжкоў сустракаў Гарадок удзельнікаў мерапрыемстваў. Наўрад ці пакінула каго раўнадушным добраўпарадкаванне горада – кожная пабудова, кожная вуліца, дзе даводзілася быць, дыхалі навізной і свежасцю, прыцягвалі да сябе ўвагу дасціпнасцю і акуратнасцю. Незабыўныя ўражанні пакінула гасціннасць і добразычлівасць жыхароў райцэнтра. Дэлегацыю Чашніцкага раёна, якую ўзначальваў старшыня райвыканкама Уладзімір Уладзіміравіч Булай, раз за разам, і не толькі ў час шэсця, прыветна сустракалі гараджане і шматлікія госці. Што выклікала гонар за сваю маленькую радзіму, нашу Чашніччыну.
… Галоўная сцэна «Дажынак». Гучаць пазыўныя. Пад апладысменты залы старшыня Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта А. М. Косінец прымае ад хлебаробаў Прыдзвінскага краю як найвялікшае багацце каравай з новага ўраджаю. Аляксандр Мікалаевіч шчыра вітае працаўнікоў вёскі вобласці, адрасуе ім словы ўдзячнасці за нялёгкую і такую патрэбную працу, плён якой мы адчуваем штодня. Нездарма ў народзе кажуць, што хлеб – усяму галава.
Віцебшчыне ёсць чым ганарыцца. За апошнія пяць гадоў набыта 15,9 тысячы адзінак новай тэхнікі, што дазваляе своечасова праводзіць сельскагаспадарчыя работы, створана эфектыўная сістэма землекарыстання. Уведзены ў севазварот 210 тысяч гектараў зямлі. Як вынік напружанай працы – сабраны самы вялікі за ўсю гісторыю вобласці ўраджай зерня – 1 мільён 302 тысячы тон. Вырашчаны добры ўраджай лёну, бульбы, гародніны. Вялікая работа праведзена па мадэрнізацыі жывёлагадоўчай галіны. На 90 працэнтаў у нашых гандлёвых кропках – прадукты Прыдзвіння.
Аляксандр Мікалаевіч выказвае словы шчырай падзякі ўсім, хто сваёй працай мацуе харчовую бяспеку краіны. Стаць багацейшымі мы можам толькі сваёй працай, самаадданай і напружанай, калі станем працаваць яшчэ эфектыўней.
І вось наступае кульмінацыйны момант – ушанаванне герояў жніва-2014, якія паказалі найлепшыя вынікі ў час ўборкі зерневых і зернебабовых культур. Некалькі асабліва хвалюючых момантаў чакалі і нас, прадстаўнікоў Чашніччыны, калі на сцэну паднімаўся вадзіцель ААТ «Іванскі-Агра» Мікалай Вятоха, які згодна рашэнню Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта стаў пераможцам абласнога спаборніцтва ў намінацыі «Сярод маладых вадзіцеляў транспартных сродкаў, якія ажыццяўляюць перавозку зерня ад камбайнаў, ва ўзросце да 31 года». Мікалай з рук А. М. Косінца атрымаў Падзяку аблвыканкама, грашовую прэмію, каштоўны падарунак. І вялікую порцыю апладысментаў. Слава чалавеку працы!
Шмат прыемных хвілін удзельнікам мерапрыемстваў падарыў вялікі святочны канцэрт мастацкіх калектываў вобласці.
Сваё адметнае месца на «Дажынках – 2014» занялі прадстаўнікі устаноў культуры, адукацыі, сродкаў масавай інфармацыі, гандлю і іншыя нашага раёна. Весела і шматлюдна было на «Чашніцкім падворку». І ўсё гэта дзеля таго, каб свята адчувалася ў кожным куточку Гарадка.

Міхась ДЗЕРАВЯГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *