Ініцыятыўнай быць не забароніш

Изображение 002Кожны год у старэйшыны вёскі Зарэчная Слабада Марыі Іванаўны Рабцавай пачынаецца, так бы мовіць, са службовых клопатаў. Хоць пасада ў пенсіянеркі грамадская, абавязкі пэўныя ёсць. Трэба правесці ўлік домаўладанняў. Колькі жыхароў у вёсцы? Што на падворку трымаюць? Марыю Іванаўну нават прасіць іншы раз не трэба. Сама ведае, што і калі рабіць. Яна ініцыятыўная і неабыякавая, часта тэлефануе ў Празямлянскі сельвыканкам, выказвае пажаданне, штосьці прапануе, бывае, і праблемы ўзнімае. Прадстаўнікі ўлады хутка рэагуюць.
– Са старшынёй сельвыканкама прыемна мець справу, – дзеліцца старэйшына. – Ён ніколі не адкажа, заўсёды ўнікне, дапаможа. Таму жывём нармальна. Вада ёсць, вулічнае асвятленне наладжана. Хіба што кантэйнеры для збору смецця можна было б замяніць. Зламаліся яны. Добра, каб жкх райцэнтра паклапацілася.
Напрыканцы мінулага года Марыя Іванаўна разам з іншымі вяскоўцамі дабіліся таго, каб добраўпарадкавалі тэрыторыю каля маста праз раку. Жылкамгас справу зрабіў. Кустоўе высек – стала святлей і прыемней наўкола. Дарогі ў вёсцы нармальныя. Пасыпаюцца ў зімовы час. Зарэчная Слабада – гэта, лічы, тыя ж Чашнікі. Людзі ходзяць у магазіны ў райцэнтр, усё побач. Таму і праблем асаблівых няма.
– Я часам сваёй ініцыятыўнасцю камусьці магу і надакучыць, – усміхаецца старэйшына. – Але такі ў мяне характар. Тым больш з’яўляюся яшчэ і дэпутатам. Людзі давяраюць. Дзейсным ды ініцыятыўным быць не забароніш. Было б жаданне…
У Марыі Іванаўны жадання шмат. Яна больш за трыццаць гадоў адпрацавала даяркай на ферме. І наша газета не раз пісала пра дасягненні аператара машыннага даення. Гэтыя публікацыі пенсіянерка беражліва захоўвае. Ёй ёсць што ўспомніць. Але аднымі ўспамінамі жыць рана. І сёння яна, нягледзячы на ўзрост, можа дапамагчы людзям, паспрыяць вырашэнню таго ці іншага пытання. Чаму ж сядзець склаўшы рукі?..
Без справы Марыя Іванаўна, дарэчы, не застаецца. Бабуля дываны вяжа і раздае дзецям, унукам і праўнукам. Іх у яе шмат. Ёсць занятак нястомным
рукам.

Юрый АЛЕКСАНДРОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *