Галоўны скарб яе жыцця…

tcд
Апошнія летнія дні для Святланы Сяргееўны Макейчык з Заесся асабліва адметныя. Не дзіва, бо ў бабулі 28 жніўня – юбілей. Учора ёй споўнілася 80 гадоў. А сёння, у суботу, з раніцы ў хаце гасцей шмат. Дзеці, унукі, праўнукі… На пытанне, колькі іх у яе, Святлана Сяргееўна пачынае лічыць. Разам з мужам, якога, на жаль, даўно няма ў жывых, вырасцілі семярых сыноў і дачок. Унукаў больш дзясятка. Старэйшыя праўнукі неўзабаве школу скончаць і пойдуць у людзі. Як збіраюцца разам, весела і шумна становіцца ў роднай хаце. А яна, бабуля Святлана, не нарадуецца. Вось ён – галоўны скарб яе жыцця.
На свет з’явілася тут жа, у Заессі. Вайну сустрэла шасцігадовай дзяўчынкай. Перажылі ліха ў роднай вёсцы разам з маці. Бацька яшчэ ў 1939-м быў мабілізаваны. Удзельнік фінскай вайны, потым абараняў Радзіму на франтах Вялікай Айчыннай. Шмат разоў быў паранены, а за лічаныя тыдні да 9 мая храбрага воіна не стала. Вечная яму памяць. Свайго бацьку, дарэчы, былога настаўніка, Святлана Сяргееўна помніць заўсёды.
Сама юбілярша ў 1954 годзе выйшла замуж за мясцовага хлопца. Было дзяўчыне ўсяго 19 год. Семярых дзяцей нарадзілі, якія неўзабаве вырастуць і пачнуць віць свае гнёзды. Абяруць розныя прафесіі, па-рознаму ўладкуюцца ў вірлівым жыцці. Усе стануць людзьмі выхаванымі, паважанымі. З любоўю і павагай ставяцца да бацькоўскага дома. Так яны і сваіх дзяцей выхоўвалі. Вось цяпер і шумна на падворку ў бабулі ўсё лета. Дзеці і ўнукі агарод даглядаюць, па гаспадарцы спраўляюцца. Нават коніка дагэтуль трымаюць.
А Святлана Сяргееўна напрацавалася за жыццё вунь як! Больш за трыццаць гадоў на сельскагаспадарчай ніве шчыравала. І ў брыгадзе паляводаў не на апошніх ролях была, і даяркай на мясцовай ферме перадавой лічылася. Дзіва, як яна ўсюды паспявала?
– Было часам няпроста, – прызнаецца бабуля. – Але ніколі не дазваляла сабе сумаваць. Бо заўжды была ўпэўнена: мой лёс шчаслівы.
Вам ёсць чым ганарыцца, шаноўная Святлана Сяргееўна. Вы сапраўды чалавек шчаслівы. Дай Вам Бог здароўя і даўгалецця!

Юрый АЛЕКСАНДРОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *