Крыж пакут

Не раз чашніцкая зямля станавілася арэнай баявых дзеянняў.  У 1564 годзе, напрыклад, побач з Іванскам адбылася славутая Ульская бітва. Падзея трагічная. Дарэчы вёска ўпершыню згадваецца ў гістарычных дакументах. Віктар Грыбко ў сваім гісторыка-краязнаўчым нарысе «Іванск і ваколіцы» даволі падрабязна распавядае пра Ульскую бітву. Адбылася яна 26 студзеня 1564 года паміж войскамі ВКЛ і маскоўскім войскам пад камандаваннем Пятра Шуйскага. Гэта быў самы разгар Лівонскай вайны. Апошняя цягнулася чвэрць стагоддзя і прынесла вялікія пакуты. Дастаткова сказаць, што насельніцтва Віцебшчыны і Полаччыны па падліках гісторыкаў скарацілася на 70 працэнтаў.

23 студзеня 1564 года маскоўскі ваявода Шуйскі, які знаходзіўся ў Полацку, па загадзе цара Івана Грознага выступіў з 20-тысячным войскам да Оршы, дзе ён павінен быў злучыцца з войскам ваяводы Абаленскага. У Лукомлі стаяла 9-тысячнае войска ВКЛ на чале з гетманам Мікалаем Радзівілам Рудым. Атрымаўшы звесткі ад разведчыкаў пра рух войска Шуйскага, Руды выступіў насустрач. Яны сустрэліся каля Іванска. Адбылася лютая сеча. Маскавіты пацярпелі паражэнне. Звесткі пра бітву носяць часам супярэчлівы характар. Цяжка падлічыць, колькі чалавек з абодвух бакоў загінула на беразе ракі Улы. Прыводзяцца розныя лічбы. Аднак справа не толькі ў гэтым. Ульская бітва адбылася. І мела пэўнае стратэгічнае значэнне. Так, яна сарвала планы маскавітаў аб’яднаць два войскі ў Оршы з мэтай далейшага руху па тэрыторыі ВКЛ.

Колькі стагоддзяў прайшло з той пары. Але падзеі сівой даўніны нельга забываць. Гісторыя павінна вучыць. А памяць пра шматлікія ахвяры трэба ўшаноўваць. Менавіта гэта колькі дзён таму і адбылося непадалёку ад Іванска, на беразе Улы. На месцы, дзе калісьці паклалі галовы тысячы воінаў, устанавілі крыж. Ініцыятарамі сталі раённы камітэт ГА «БРСМ» і Чашніцкая РАС ДТСААФ. Дапамаглі і добрыя людзі. Прадпрымальнікі ўнеслі сваю лепту, вучні Іванскай школы. Вялікі праваслаўны крыж зрабілі з дрэва. У пятніцу, 9 кастрычніка, яго прывезлі на месца і ўстанавілі. Таблічку замацавалі. Праваслаўныя святары, як належыць, памаліліся,  асвяцілі крыж. Настаўнік і краязнаўца Віктар Грыбко яшчэ раз распавёў пра падзеі студзеня 1564 года. Уважліва слухалі прысутныя. Асабліва школьнікі. Месца гэтае павінна стать паломніцкім. Яшчэ раней тут з’явіліся камяні, на якіх высечаны асобныя прозвішчы ўдзельнікаў Ульскай бітвы. Прыязджалі сюды і замежныя гісторыкі  і навукоўцы. Цікавасць да падзеі даволі вялікая.

І ўсё ж памяць – самае галоўнае.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *