Калі ласка ў нашу хату

IMG_2676 Незвычайнае свята адзначылі ў вёсцы Валасачы Красналуцкага сельсавета. Народны клуб «Ветэран», аўтаклуб, Чашніцкі гістарычны музей і Красналуцкі сельскі ДК правялі свята печы. Раней у вёсках усе збіраліся ў адной хаце, весела, з песнямі і танцамі бавілі вольны час. Прыкладна так і было падчас правядзення мерапрыемства. Галіна Сцяпанаўна Пракапец гасцінна прымала ўдзельнікаў  незвычайнага свята.

Хата ўпрыгожана саматканымі ручнікамі і дыванамі. Ва ўсім адчувалася працавітая рука гаспадыні. Нават падчас свята яна не сядзела склаўшы рукі, а завіхалася ля печы. Прыемна патрэсквалі ў печы дровы, зачароўвала полымя.

Ва ўсе часы печ займала галоўнае месца ў вясковай хаце. У ёй пяклі хлеб, гатавалі ежу, на ёй спалі, сушылі вопратку і абутак. Нават радыкуліт лячылі. Пра яе ў народзе шмат прыказак, прымавак і загадак.

Для гаспадыні Галіны Сцяпанаўны печ – добрая памочніца, якая не ідзе ў параўнанне з моднымі зараз мульціваркамі і параваркамі. Маміны стравы, прыгатаваныя ў печы, любяць чатыры сыны, падабаюцца яны і ўнукам, а іх у жанчыны сямёра.

Падчас свята добрыя словы гучалі не толькі ў адрас гаспадыні. Пахвалы заслужыў і вядомы майстар-пячнік, які славіцца на ўсю ваколіцу – старшыня Красналуцкага сельвыканкама В. В. Кавалеўскі. Шмат сяльчан звярталася да яго за дапамогай, і ні адзін яшчэ не скардзіўся на яго работу. Майстар з задавальненнем падзяліўся сакрэтамі свайго рамяства.

Весела і цікава праходзіла свята печы. Гучалі беларускія народныя песні «Ажаніўся стары дзед», «Чорна галка», «Каля млына». Прысутныя з задавальненнем прымалі ўдзел у гульні «Вугалёк», танцавалі, спявалі. Не абышлося свята без пачастункаў. Галіна Сцяпанаўна Пракапец напякла ў сваёй печы духмяных і румяных сырнікаў. Пасля такой вячэры госці пажадалі гаспадыні здароўя, багацця.

Завяршылася свята душэўнай песняй-пажаданнем «Бывайце здаровы».

Вось так весела і дружна бавілі вольны час нашы продкі. А каб трапіць на свята, дастаткова было пераступіць парог хаты.

Наталля СТУКАЛАВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *