У цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшла краязнаўчая вандроўка «Как в крещенский вечерок…»

У цэнтральнай раённай бібліятэцы прайшла краязнаўчая вандроўка «Как в крещенский вечерок…», прымеркаваная да свята Нараджэння Хрыстова. Былі запрошаны чытачы, маладыя людзі з абмежаванымі магчымасцямі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў ДУ «ТЦСАН Чаш-ніцкага раёна», члены народнага круба «Флора». Мерапрыемства пачалося з благаславення іерэя Сергія храма Ператварэння Гасподняга г. Чашнікі. Ён расказаў пра Каляды як самае містычнае са свят старажытных славян, пра вытокі і той асаблівы настрой, які дазваляў людзям у гэты перыяд больш часу аддаваць адпачынку, малітвам, каб наступным годам мець добрыя ўраджай і здароўе.
У сваю чаргу бібліятэкары адзначылі, што асаблівае месца ў святкаванні Калядаў адводзілася сталу і стравам. Адна з самых яркіх традыцый, што дайшла да нас, — калядаванне. Лічылася, што толькі вяселле, шумлівыя гульні могуць напалохаць злыдняў, аберагчы ад іх людзей. Моладзь збіралася разам, пераапраналася ў татэмных жывёл і хадзіла па хатах, іграючы на музычных інструментах і спяваючы песні з пажаданнямі лепшага, услаўляючы сілы святла.
Гасцям было прапанавана паглядзець урывак з абраду «Каляда» ў выкананні ансамбля «Верасень» савета ветэранаў і работнікаў бібліятэкі. А потым гаспадар з гаспадыняй запрасілі прысутных да святочнага стала частавацца каляднымі стравамі. Гасцей забаўлялі гульнямі, віктарынамі, прапаноўвалі загадкі, прымаўкі, прыказкі, знаёмілі з прыкметамі, звязанымі з зімовымі святамі, спявалі беларускія народныя песні. Ала Васільеўна Гурко прачытала свае вершы «Са святам», «Вясна» і іншыя. Да мерапрыемства была аформлена кніжная выстава «Ішла Каляда».

Тамара ЯЗЁНАК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *