Вызначаем лепшага чытача

Штогод у Дзень беларускага пісьменства падводзіліся вынікі і ўзнагароджваліся пераможцы конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка». У гэтым годзе конкурс набывае асаблівае значэнне: краіна святкуе 500-годдзе беларускага кнігадрукавання.
Спачатку лепшага чытача вызначалі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. 276 вучняў з пятнаццаці ўстаноў адукацыі ўзялі ўдзел у першым этапе.
3 мая на базе Чашніцкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі праходзіць раённы этап конкурсу. «Чытаем шмат, чытаем разам, ствараем сябе і краіну!» — так гучыць дэвіз рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка». Асноўнымі мэтамі з’яўляюцца павышэнне цікавасці дзяцей і падлеткаў да чытання, развіццё і захаванне высокіх ідэалаў беларускага грамадства, выхаванне падрастаючага пакалення на лепшых узорах нацыянальнай літаратуры, пошук і падтрымка таленавітай моладзі і іншыя.
Удзел у раённым этапе возьмуць 50 навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Чатыры прадстаўнікі ад кожнай школы могуць змагацца за перамогу. Для дэкламавання трэба падрыхтаваць твор беларускага аўтара і на беларускай мове — абавязковыя ўмовы конкурсу. Ацэньваць выступленні будзе кампетэнтнае журы.
Па выніках раённага этапа конкурсу лепшыя юныя чытачы стануць удзельнікамі абласнога, які пройдзе ў Віцебску. А калі пашанцуе, то і рэспубліканскага, які сёлета адбудзецца падчас святкавання Дня беларускага пісьментсва ў Полацку. Жадаем поспехаў!

Наталля СТУКАЛАВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *