Каласы пад сярпом нашым…

На бягучым тыдні ўборку збожжавых распачалі ў большасці гаспадарак раёна. Па традыцыі сумесна з культработнікамі сельскія працаўнікі ладзілі «Зажынкі». Беларускі народ з даўніх часоў шанаваў маці-зямельку, ласкава называў яе карміцелькай. Хто, як не яна, ад-дзячыць селяніну за сумленную і плённую працу на працягу многіх месяцаў?..
У ААТ «Іванскі-Агра» ў мінулы чацвер адбылося сапраўднае свята. На полі каля вёскі Прыстоі праводзілі абрад. Наперадзе ў працаўнікоў — гарачыя дні. Трэба як мага хутчэй абмалаціць шчодрыя нівы. Так, каб ніводнага каласка не засталося на полі. Менавіта на гэтым засяродзілі ўвагу хлебаробаў госці свята — старшыня райвыканкама Л. У. Пляшко і начальнік райсельгасхарчу М. І. Мільчанін.


Леанід Уладзіміравіч пажадаў поспехаў працаўнікам і адзначыў: зараз механізатары — галоўныя дзеючыя асобы. Ураджай на Чашніччыне вырас нядрэнны. Трэба правесці ўборку збожжавых у кароткія тэрміны, без страт. За арганізацыю працэсу адказваюць кіраўнікі гаспадарак. Для хлебаробаў трэба стварыць умовы для працы. Пытанні з пастаўкамі паліва вырашаюцца.


Старшыня райвыканкама з падзякай прыняў каравай з рук жней. А потым перадаў сімвал новага ўраджаю самаму маладому камбайнеру.
М. І. Міль-чанін засяродзіў увагу прысутных на такіх аспектах, як забеспячэнне хлебаробаў спецвопраткай, арганізацыя палявых станаў, эканомія паліва, выкананне правіл бяспекі і іншых.
Начальнік Чашніцкага РАУС М. А. Дзядзічкін выказаў надзею, што ніякіх парушэнняў падчас уборачнай з боку працаўнікоў не будзе.
Пад збожжавыя культуры ў акцыянерным таварыстве адведзена больш за 1400 гектараў плошчаў. Фронт работы сур’ёзны. Ад добрасумленнай працы хлебаробаў зараз залежыць харчовая бяспека краіны. Ёсць упэўненасць, што экіпажы камбайнёраў, вадзіцелі, спецыялісты, работнікі зернесушыльных комплексаў са сваёй задачай справяцца добра.
Падчас святкавання «Зажынак» старшыня ААТ «Іванскі-Агра» І. А. Мароз паабяцаў зрабіць усё магчымае, каб годна правесці жніво. Кіраўнік гаспадаркі прыняў першы сноп, які тут жа зажалі жнеі. Святар айцец Уладзімір прачытаў малітву. Гучалі беларускія народныя песні ў выкананні мясцовых артыстаў.
Хай усё ў хлебаробаў атрымаецца! Поўных вам бункераў, героі шчодрых ніў, спрыяючага надвор’я.

Юрый АЛЕКСАНДРОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *