Паважаныя сябры!

Віншую вас з Днём беларускага пісьменства, які адзначаецца на старажытнай полацкай зямлі. Сімвалічна, што менавіта з Полацка, які завецца «бацькам гарадоў беларускіх», у 1994 годзе пачыналася гэта свята. Ганарова сустракалі Дзень беларускага пісьменства і Орша, Паставы, Глыбокае, аддаючы павагу роднаму слову і багатай нацыянальнай культуры.
Сёлетняя ўрачыстасць — выключна адметная. Яна спалучае і 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, і 1155-годдзе горада Полацка. Падзея мае, сапраўды, сусветнае значэнне.
Сын полацкага купца Францыск Скарына атрымаў выдатную адукацыю, акрамя роднай беларускай, валодаў польскай, чэшскай, стараславянскай, яўрэйскай, грэчаскай і лацінскай мовамі. У 1517 годзе ў Празе заснаваў друкарню і выдаў «Псалтыр» і іншыя кнігі Старога Запавету. Імя яго ўшанавана ў роднай Беларусі: адкрыты помнікі ў Полацку, Мінску і Лідзе, яго імем названы гімназіі ў Полацку і Мінску, універсітэт у Гомелі, заснаваны дзяржаўныя ўзнагароды — медаль і ордэн імя Ф.Скарыны.
Віцебшчына падаравала свету нямала слынных імёнаў: Еўфрасіння Полацкая, Васіль Цяпінскі, Сімяон Полацкі, Спірыдон Собаль, Уладзімір Караткевіч, Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Жарэс Алфёраў. Уклад нашых землякоў у скарбонку нацыянальнай культуры цяжка пераацаніць.
У гэтыя дні ўсе шляхі вядуць у Полацк, дзе праходзяць дзясяткі цікавых і адметных мерапрыемстваў: міжнародны круглы стол беларускіх і замежных літаратараў «Дыпламатыя слова: Францыск Скарына ў сусветнай гуманітарнай прасторы», навукова-практычная канферэнцыя «Полацкія чытанні», фінал рэспубліканскага творчага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка», урачыстае адкрыццё памятнага знака «Полацк — калыска беларускай дзяржаўнасці» і многія іншыя.
Нашы гісторыя і сучаснасць арганічна паяднаны. Мы павінны рабіць усё, каб захаваць унікальную спадчыну для нашчадкаў. Няхай святло роднага слова дае чалавеку сілы і ўпэўненасць у заўтрашнім дні!
Жадаю вам здароўя, шчасця, міру і згоды, плённай працы і поспехаў!

З павагай, Мікалай Шарснёў,
старшыня Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *