Ведаеце, што юбілей адзначаюць не толькі людзі, але і кнігі

Ведаеце, што юбілей адзначаюць не толькі людзі, але і кнігі.
Цікавую падборку такіх «юбіляраў» падрыхтавалі супрацоўнікі Чашніцкай раённай бібліятэкі. Менавіта тут наладжана спецыяльная выстава, дзе размясцілі «старажылаў» беларускай класікі.
Увазе чытачоў прадстаўлены кнігі «Спадчына» Янкі Купалы і «Босыя на вогнішчы», «Завіруха» Міхася Чарота, якія ў гэтым годзе святкуюць сваё 95-годдзе. 90 год споўнілася «Магіле льва» Янкі Купалы, «У глыбі Палесся» Якуба Коласа і «Чалавек ідзе» Янкі Маўра.
«Бацькаўшчыне» Кузьмы Чорнага і «Па песню, па сонца» Аркадзя Куляшова — 85. Добра вядомаму «Міколку-паравозу» і «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышыў» Міхася Лынькова споўнілася 80. Размяняла сёмы дзясятак кніга Якуба Колоса «Рыбакова хата».
Асабліва багаты на юбілейныя даты год для кніг Васіля Быкава. Іх больш усяго прадстаўлена на выставе. Больш як паўвека — «Здрадзе», «Трэцяй ракеце», у гэтым годзе ім 55. На 10 годоў менш кнігам «Круглянскі мост», «Сотнікаў», «Абеліск». «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» Уладзіміра Караткевіча таксама 45.
Самая «маладая» — «Зямля пад белымі крыламі» Уладзіміра Караткевіча, якой споўнілася 40 гадоў.
Зацікавіліся? Тады ў вольны час зазірніце ў бібліятэку. Магчыма, вам захочацца ўзяць томік з выставы кніг-«юбіляраў» і яшчэ раз перачытаць творы беларускіх класікаў. Да таго ж бібліятэкары з задавальненнем падбяруць літаратуру па вашаму жаданню.
Францыск Скарына наказваў: «Любіце кнігу, бо яна крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы». Менавіта гэтыя словы ўзяты эпіграфам да выставы.
Наталля СТУКАЛАВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *