Абараніў званне народнага

Клуб майстроў і мастакоў «Майстар», які працуе на базе Чашніцкага Дома рамёстваў, вядомы далёка за межамі раёна дзякуючы актыўнаму ўдзелу ў мерапрыемствах абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў, і канечне ж, майстэрству нашых землякоў. У яго складзе — 31 чалавек. Узрост — ад 20 да 75 гадоў.
Асноўнымі формамі работы «Майстра» з’яўляюцца творчыя сустрэчы, выставы, экскурсіі, майстар-класы і інш.
Але ж творчае жыццё клуба не было б такім насычаным і цікавым, каб не людзі, якія ўваходяць у яго склад. Імёны многіх майстроў вядомы як ў Беларусі, так і за яе межамі. Гэта Т. А. Худзякова, У. Я. Яленскі, А. М. Рыжанкова, В. Б. Атрашкевіч, А. С. Асіпкова, М. П. Байкоў, З. С. Елісеева і іншыя. Усе яны з’яўляюцца лаўрэатамі розных фестываляў і выстаў.
У 1996 годзе клуб «Майстар» упершыню атрымаў званне народнага. Нашы землякі не раз з поспехам прымалі ўдзел у выставах у Полацку, Наваполацку, Оршы і іншых населеных пунктах. Гэта стымул для творчага росту майстроў, дае імпульс новым ідэям. І ў 2017 годзе калектыў удзельнічаў у розных мерапрыемствах.
Так, зусім нядаўна народны клуб майстроў і мастакоў Чашніцкага Дома рамёстваў пабываў з выставай у Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці. Там прадставіў сваю экспазіцыю ў вялікай зале. Па выніках работы клуб майстроў і мастакоў зноў пацвердзіў званне народнага.
Віншуем!

Таццяна МАЛІНОЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *