29.04.2026
Новости

Пуцявінамі Коласа і гасцінцамі Купалы

  • 12 декабря, 2017
  • 1 min read
Пуцявінамі Коласа і гасцінцамі Купалы

Сёлета ў нашай краіне адзначаецца 135-годдзе вялікіх песняроў, класікаў нацыянальнай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа.
З гэтай нагоды для жыхароў і гасцей горада Чашніцкая раённая цэнтральная бібліятэка падрыхтавала цікавую і змястоўную праграму.
Ушанаваць выдатных паэтаў Беларусі, папулярызаваць іх творчасць, далучыць чытачоў да літаратурнай спадчыны класікаў — такую мэту ставілі арганізатары мерапрыемстваў.
Літаратурна-музычная вечарына “Таленты нараджаюцца аднойчы”, коласаўскія чытанні “Пакуль ёсць Колас — будзе народ” былі падрыхтаваны і праведзены ва ўстанове культуры.
З дапамогай бібліятэкараў удзельнікі мерапрыемстваў адправіліся ў віртуальнае вандраванне на радзіму Янкі Купалы і Якуба Коласа, даведаліся пра жыццё і творчасць паэтаў, слухалі вершы.
Падчас мерапрыемства ўдзельнікі чыталі вершы (“Высокі бераг”, “Лясам Беларусі”, “Усход сонца” Якуба Коласа і “Адцвітанне”, “Спадчына”, “Мая доля”, “Беларускім партызанам” Я. Купалы), а таксама ўрыўкі з паэмы “Новая зямля” Я. Коласа.
Прыцягвалі ўвагу чытачоў кніжна-ілюстрацыйныя выставы ў бібліятэцы.
А яшчэ ў рамках юбілейнага тыдня дэсант супрацоўнікаў выйшаў, як кажуць, у народ, пабываў у Чашніцкім раённым вузле паштовай сувязі, у гандлёвых кропках і іншых месцах. Галоўнай мэтай такой вандроўкі стала паведамленне пра юбілеі народных песняроў, знаёмства з іх творамі.
Класікі беларускай літаратуры Янка Купала, Якуб Колас — асобы сусветнай велічыні, пра якіх ніколі не будзе сказана апошняе слова, таму што кожнае пакаленне будзе зноў і зноў звяртацца да іх творчасці.
Нельга пераацаніць таго, што зрабілі класікі беларускай літаратуры для сваёй краіны, спадчына якіх выклікае і будзе выклікаць цікавасць чытачоў. Творы іх з’яўляюцца залатым скарбам не толькі беларускай, але і сусветнай літаратуры. Яны непадуладны часу.

Наталля СТУКАЛАВА.

Поделиться в:

Leave a Reply

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *