«Калядкі — вясёлые святкі»

 

Традыцыйнае свята з такой назвай прайшло на мінулым тыдні. Нягледзячы на зусім не зімовае надвор’е, жадаючых далучыцца да мерапрыемства хапала. Асабліва весела было дзецям. Цудоўнае тэатралізаванае прадстаўленне, выдатныя нумары мастацкай самадзейнасці ў выкананні народнага ансамбля народнай песні «Ульчанка» ГДК, калектыва «Прасніца» Іванскага ДФ, «Фабрычных дзяўчат» ГДК мікрараёна папяровай фабрыкі, ансамбля «Верасень» аўтаклуба, прыпеўкі ад Веры Барысавай (Цяпінскі СДК) — усё гэта было прапанавана гледачам. Таксама быў арганізаваны гандаль.
Каляды заўседы былі адным з самых цікавых святаў у народзе. Колькі прыкмет, паданняў, а галоўнае, лёсавызначальных ідэй гадання прыходзіцца на гэты цудоўны час! Некаторыя з іх і прапанавалі вядучыя. Самыя смелыя з прысутных удзельнічалі. Гаспадар з гаспадыняй прымалі валачобнікаў, шчодра адорваючы іх гасцінцамі, а «пераапранутыя» госці пелі, танцавалі, усяк хвалілі гаспадароў. Рознакаляровае святочнае адзенне ў народным стылі, беларускае слова, трапныя выразы як нельга лепш падыходзілі да гэтага сапраўды чарадзейнага вечара.
А як абысціся без каляднага карагода?! І старыя, і малыя з радасцю кружыліся каля святочнай елкі разам з удзельнікамі мерапрыемства.
«… Добрыя людзі, будзьце ўсе рады,
Хай не кране вас смутак і жаль.
Сёння мы з вамі святкуем Каляды,
Сёння над намі блакітная даль…»

Наталія ШЫРКО.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *